Аляксандр Лукашэнка заявіў, што парад у гонар 75-годдзя Перамогі адбудзецца. Пра гэта ён заявіў сёння на нарадзе, перадае БелТА.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

«Павінен сказаць, што мы не можам адмяніць парад. Проста не можам. Я доўга над гэтым думаў. Вядома, гэта эмацыйная, глыбока ідэалагічная рэч. Трэба памятаць, што тыя людзі паміралі, можа быць, і ад вірусаў, іншых хвароб. Але яны гэта не адчувалі часам і пра гэта не думалі. І паміралі яны дзеля нас, як бы гэта пафасна ні гучала. І падумайце, што скажуць людзі. Можа, не адразу, праз дзень, праз два пасля гэтага, — скажуць, што спужаліся», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў арганізатараў, што калі будзе прынята гэтая прапанова, то «нікога цягнуць на гэтае мерапрыемства не трэба». «Не хочуць людзі, баяцца, берагуць здароўе — мы гэта зразумеем. Дастаткова сёння жадаючых — тысячы і тысячы людзей хочуць, каб гэтае мерапрыемства прайшло», — падкрэсліў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што сярод жадаючых наведаць парад ёсць і ветэраны Узброеных Сіл. «Удзельнікаў вайны засталося зусім няшмат. Яны разумеюць, і мы павінны іх зберагчы. Хоць яны і першымі запатрабавалі, каб іх прывезлі на гэтае мерапрыемства. Зразумела, што ім ужо за 90. Падумаем, як з імі быць. Я прытрымліваюся сваёй тактыкі — старых трэба паберагчы. Мы ўсе бачым, што ўсе гэтыя інфекцыі перш за ўсё чапляюцца за старых, хоць хварэюць і маладыя. Таму нікога на гэта масавае мерапрыемства цягнуць не трэба», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка ўпэўнены, што парад — гэта не самае небяспечнае з пункту гледжання эпідэміёлагаў і вірусолагаў мерапрыемства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0