1 траўня ў гомельскім сухотным шпіталі памёр 36-гадовы супрацоўнік буда-кашалёўскага шпіталя Вадзім М. Ён працаваў інжынэрам-праграмістам. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі Свабодзе сваячка і калегі памерлага.
23 красавіка мужчыну перавезьлі ў цяжкім стане з буда-кашалёўскага шпіталя ў Гомель, адкуль ён паходзіў. У гомельскім шпіталі ён ляжаў пад апаратам штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Паводле сваякоў, у яго была двухбаковая пнэўманія і пацьвердзіўся каранавірус.
Яго ня стала 1 траўня. Пахаваньне мае адбыцца 3 траўня.
Вадзім ня быў жанаты, жыў у інтэрнаце для мэдыкаў у Буда-Кашалёве. У яго засталіся бацькі і брат у Гомлі.
У райцэнтры Буда-Кашалёве — успышка каранавірусу. Раней Свабода пісала пра сьмерць 45-гадовай мэдсястры тамтэйшай хуткай дапамогі Галіны Н. Захварэлі мэдыкі, у тым ліку лекары тэрапіі і рэанімацыі, а таксама пацыенты тэрапэўтычнага аддзяленьня раённай лякарні.





