Пісьменніца Святлана Курс (творчы псеўданім Ева Вежнавец) на час пандэміі пайшла працаваць сацыяльнай работніцай. Яна ўдзячная лёсу за тое, што атрымала другое жыццё пасля многіх гадоў у журналістыцы. Святлана расказала «Свабодзе» пра тое, што адчувае, калі ёй даводзіцца даглядаць, напрыклад, былога забойцу дзвюх жанчын.

«Я шукала прафесію на другую частку жыцця»

— Света, у сваіх пастах у фэйсбуку ты па-мастацку апісваеш сваіх падапечных. Як так сталася, што ты зрабілася сацыяльным работнікам для старых людзей у Варшаве?

— Па-першае, я вельмі хацела працаваць са старымі, таму што я вельмі люблю сваю бабку, якая памерла ў 2009 годзе, і я не паспела з ёй ні набыцца, ні нагаварыцца, ні назапісацца. Старыя вельмі цікавыя. Па-другое, быў «шкурны інтарэс», бо я шукала прафесію на другую частку жыцця. Мне крыху надакучыла працаваць з тэкстам. Я з 1991 года працую ў беларускай палітыцы, НДА, культуры і СМІ. І я захацела нешта новае зрабіць. Летась у лістападзе, калі я страціла працу на «Еўрарадыё» і думала, мо стаць перакладчыцай альбо пайсці на «Белсат», я вырашыла, што маю апошні шанец. Мне 48 гадоў, я ўсё яшчэ ў добрай форме.

Спачатку я працавала ў інтэрнэт-кавярні, якая ў цэнтры для пажылых людзей. Потым пачаўся каранцін. Перад ім я здала ангельскую мову на B2 і прайшла сумоўе на апякунку старых людзей у Вялікай Брытаніі. Ужо думала, што ў Ангельшчыну паеду. Уяўляеш, які гэта выклік — клапаціцца пра старых людзей на ангельскай мове? Гэта літаральна зайсці ў культуру з чорнага ўваходу, таму што ў старых людзях сабраная ўся побытавая і мастацкая культура. У Ангельшчыну я не паехала, бо каранцін. І тут бачу абвестку пра такую працу ў Польшчы. Я падумала, што гэта лёс. Ведаеш чаму? Таму што ў каранціне ў чатырох сценах я сядзець не змагла б. Я пайшла і нанялася ў адзін дзень.

Высветлілася, што тады быў страйк апякунак, і сотні людзей ляжалі, прабачце, засраныя, без уколаў, без ежы, без закупаў, без лекаў, без нічога. І тут прыходжу я, якая нічога не ведае пра гэта. Я падпісала дамову, і ўжо на заўтра мяне, як сляпое кацяня, кінулі плаваць — адправілі да чалавека нерухомага, потым да таго, каму ўколы трэба рабіць. Яны былі ў страшэнна кепскай сітуацыі. Пасля гэтага я не спала больш, чым па 5 гадзін, таму што я абслугоўвала літаральна дзясяткі людзей. Я пранікла нарэшце ў польскую культуру, што за 13 гадоў працы на «Еўрарадыё» не змагла зрабіць.

«Ты вельмі будзеш хацець жыць»

— Калі я чытаю твае пасты ў фэйсбуку пра старых, да якіх ты ходзіш, то адчуваю, што ты пішаш не толькі як сацыяльная работніца, але як і чалавек з моцнай эмпатыяй, і ў той жа час як пісьменніца. Ты на гэтай працы больш хто — пісьменніца ці сацыяльная работніца?

— Пятрушка, які іх забаўляе. Ім сапраўды патрэбен хтосьці, хто будзе іх забаўляць. Больш за ўсё я там адпрацоўваю для псіхалагічнай разгрузкі. Ім часта трэба пагаварыць пра маладосць, расказаць, што было ў вайну. Пакамандаваць яны вельмі любяць, каб хтосьці пакорліва ўсё рабіў і выслухоўваў іхныя мудрасці і ківаў галавою. Але ў асноўным я займаюся простымі фізіялагічнымі патрэбамі.

У мяне цяпер кніжка ляжыць у выдавецтве «Пфляумбаум». Я яе напісала ад імя апякункі старых людзей, яшчэ ні дня не адпрацаваўшы ёй. Гэта было так саманадзейна, і я вырашыла спраўдзіць, ці добра я яе псіхалагічна напісала. Праверыла і высветліла, што я яе абсалютна ідэальна напісала. Менавіта так і выглядае гэтая праца.

Як пісьменніцы мне гэта дало вельмі шмат. Па-першае, разгрузіла мяне ад страхаў. Калі ты ідзеш на сустрэчу са сваім найвялікшым страхам, то перастаеш баяцца. У старасці і смерці няма нічога непераадольнага, таму што іх можна разбіць на кавалкі і задачы і кожную вырашаць. Ва ўсіх ёсць рытуалы — адны кураць, другія пʼюць каву, трэція ядуць пірагі з гарбатай. Наколькі тваё цела слабае, гэта няважна, яны ўсё роўна выконваюць гэтыя рытуалы і жывуць.

Мне забаўна чытаць у фэйсбуку, калі маладыя людзі пішуць, што я б сябе лепш забіў, толькі б не быў такім бездапаможным. Але старасць не прыходзіць раптоўна. Старасць прыходзіць, як зіма. Тэмпература ўвесь час зніжаецца, ты ўвесь час мяняешся, і ты думаеш, што вось сябе забʼеш, але на самой справе ты сябе не забʼеш, таму што ты вельмі будзеш хацець жыць.

«Гэта маленькая кніжка — усё, што я назапасіла за сваё жыццё»

— Святлана Алексіевіч нядаўна зрабіла ахвяраванні, каб дапамагчы бездапаможным старым людзям, інвалідам, якім патрэбен дагляд. Ці не думала ты, як першая аўтарка ў фундаваным Алексіевіч жаночым выдавецтве, як аўтарка кнігі, напісанай ад імя апякункі старых людзей, што тут ёсць пэўныя светапоглядныя супадзенні?

— Госпадзе, мне так падабаецца гэтае супадзенне. Я нават не ведала пра яе ініцыятыву, таму што ў мяне цяпер вельмі звужаны інфармацыйны фокус. Я сапраўды працую па 12-14 гадзін на суткі і прапусціла гэтую навіну. Я люблю класныя і рэдкасныя супадзенні. Нават калі мая кніжка выйдзе не ў спадарыні Святланы, а дзе-небудзь яшчэ… Гэта маленькая кніжка — усё, што я назапасіла за сваё жыццё, і я хачу, каб людзі гэта абавязкова прачыталі.

«Фашысту магу вымыць дупу, Кім Чэн Ыну магу, бо ўсё гэта людзі»

— Як ты думаеш, ці старыя людзі ва ўсіх краінах аднолькавыя?

— Найаднолькавейшыя. Я яшчэ збіраюся ангельскіх пратэставаць… Усе старэчыя праблемы ва ўсіх аднолькавыя. Палітычныя, сацыяльныя, нацыянальныя, арыентацыйныя пытанні адыходзяць на задні план, і ты бачыш тыпы людзей, і астатняе робіцца няважным. Калі я пачынала толькі займацца старымі палякамі, падумала, як старыя і маладыя беларусы на гэта зірнуць — маўляў, паехала мыць польскія дупы. А потым я зразумела, што магу вымыць любую дупу. Фашысту магу, мурыну магу, Кім Чэн Ыну магу, каму заўгодна магу вымыць, бо гэта вядзецца пра чалавека, а не пра ягоныя погляды. З ягонымі злачынствамі хай у судзе разбіраюцца, а я апякунка. Мне больш падабаецца апекавацца, чым быць суддзёй. Прычым кожны з іх сам сябе судзіць. У чалавека ў старасці ёсць і суддзя, і адвакат, і злачынца. І чалавек не змяняецца з векам.

— Што польская дзяржава робіць для старых у часе пандэміі? А калі параўнаць з тым, як гэта ў Беларусі робіцца?

— Мае старыя бацькі жывуць у вёсцы ў Беларусі. У іх ёсць сацыяльная работніца, у іх — невялічкая пэнсія, але яны нармальна выжываюць. Яны не багацеюць і не кідаюцца грашыма налева і направа. Адзіная розніца — у Польшчы, акрамя дзяржаўнай сістэмы гэтага забеспячэння, існуе куча недзяржаўных агенцый і структураў, у тым ліку касцёльных і розных іншых.

Для старых ёсць вельмі розныя субсідыі. Я ўвесь час думала, Божухна, я плачу такія грошы за камуналку, а як спраўляюцца старыя, бо амаль 90% павінна забіраць камуналка. Выявілася, субсідыі для старых ёсць на ўсё: на інтэрнэт-сувязь, на камуналку, на ежу, яе яшчэ і прывозяць. Абеды прывозяць адным штодня, другім праз дзень. Як сказаў мой партнёр, у Польшчы ніводны стары чалавек не застанецца без даху над галавой і не памрэ з голаду. Са свайго досведу я бачу, што гэта так. Мае падапечныя, якія сядзелі ў турмах усё жыццё ці пілі ўсё жыццё, тым не менш, атрымліваюць субсідыі, грошы, догляд і ежу.

«Яны мне могуць пазваніць у любую пару дня і ночы»

— Што для цябе цяжка, а што, наадварот, вельмі прыемна ў тваёй працы?

— Мне цяпер цяжкага нічога няма, але я пакуль не падыходжу для гэтай работы. На гэтай працы трэба ўмець адключаць эмпатыю, інакш цябе «зжаруць» твае падапечныя. З найлепшых матываў, таму што яны думаюць, што яны ў цябе адны, і пачынаюць забіраць усё болей і болей твайго часу, тваіх пачуццяў, і тут трэба ставіць мяжу. Мне здаецца, што ідэальная апякунка — гэта чалавек, які ўмее абмежаваць сваю эмпатыю, але адначасна ставіць межы. Я пакуль не навучылася. Яны мне могуць пазваніць у любую пару дня і ночы. Ёсць вельмі раўнівыя і вельмі зайздросныя, сочаць, каб я не аддала больш увагі камусьці іншаму, ці сварацца, калі я не тую ваду купіла і не тыя пончыкі. Пачынаеш на іх злаваць, а потым прыходзіш і бачыш, што ён табе нейкіх пірагоў ці бліноў напёк, сядзіць і чакае, вочкамі свеціць.

«Пляваць мне на гэты каранавірус»

— Ты можаш быць патэнцыйным носьбітам віруса. Чаго больш баішся — самой заразіцца ці што ім можаш выпадкова перадаць?

— Я прыходжу да іх у масцы і ў пальчатках. У апецы мне даюць дэзынфэктар для ботаў і для рук. Старыя равуць: «Толькі не пырскай на боты, бо ў мяне наваксаваны паркет». Гэта яшчэ старая польская школа — паркет ваксуюць, анучачкай воскам націраюць. Я ўжо выцерла дзве-тры польскія падлогі анучачкай з воскам. Гэта немалы выклік. Але я скінула на гэтай працы 15 кілаграмаў і пралажу пад усе канапы.

Пляваць мне на гэты каранавірус. Я яго зусім не баюся, хай гэта прагучыць па-ідыёцку і безадказна. Мяне хвалюе, што ў мяне сын можа заразіцца, бо ў яго было двухбаковае запаленне лёгкіх і ён у групе рызыкі. Што тычыцца сваіх старых, то я іх даглядаю так, каб не заразіць. Раблю ўсё паводле правілаў.

У мяне стаіць выбар, ці яны будуць ляжаць у засраным памперсе без ежы і памруць ужо заўтра, ці я ім прывязу з горада каранавірус — і яны памруць праз 14 дзён. Ёсць у мяне падапечная, якой я падбіраю 245 таблетак на тры тыдні. Калі я не падбяру таблеткі альбо пераблытаю клетачку, куды кінуць пігулку, дык яна памрэ, бо ў яе вельмі шмат сурʼёзных хваробаў. Выбар стаіць, памрэ яна сёння ці заўтра ад каранавіруса. Я працую больш за месяц і нікога не заразіла. Яны ўсе жывыя і здаровыя, наколькі гэта магчыма.

— Ці баяцца яны каранавіруса?

— Яны тэлевізію глядзяць і панабіраліся многіх міфаў. У мяне ёсць дзве навукоўкі, дык яны нармальна баяцца, бо ведаюць, чым гэта пагражае. А астатнія кажуць: «Свінцовыя труны патрэбны на каранавірусныя целы, і ўся вада будзе атручаная», «Гэта кара Божая, і так усім нам і трэба». А яшчэ ёсць такія, якія гавораць, што мне рабіць, каб не заразіць іх каранавірусам, у тым ліку што мне есці і як мыцца. Але баяцца.

— Што трэба сказаць, як патлумачыць старым, што трэба застацца дома?

— Я кажу, вы самі выбірайце, але лёгкія на дзіркі каранавірус вам пабʼе. Для пані Малгажаты, у якой ад курэння эмфізэма, гэта сурʼёзная пагроза. Трэба вобразна гаварыць і даволі жорстка. Тады да іх даходзіць, бо гэта звычайныя людзі, проста сваю спэцыфіку старасць накладае.

«Я збіраюся займацца гэтай працай усё сваё жыццё. Але з перапынкамі»

— Ці гэта твая часовая праца?

— Я збіраюся займацца гэтай працай усё сваё жыццё. Але з перапынкамі. Я разглядаю гэтую справу як перманентную з'яву майго жыцця, але час ад часу буду перарывацца на іншыя прыгоды — літаратурныя, мастацкія; напэўна, буду падарожнічаць, паспрабую яшчэ тры дзясяткі прафесій, калі так ужо выйшла, што мне Бог дараваў новае жыццё. Раней людзі ў 42, 48, 50, 57 гадоў, асабліва жанчыны, рыхтаваліся ўжо да пенсіі, да так званага «дажывання», а мы цяпер маем другі шанец. Дзеці выраслі, а мы ўсё яшчэ моцныя фізічна і маладыя. Як я бачу па сваіх падапечных, старасць прыходзіць прыкладна пасля 60-65 гадоў — пачынаецца адрахленне касцей і арганізма. А да 60-65 мы можам мець цэлую кучу новых прыгодаў, а можа і далей. У мяне ёсць падапечныя, якія ў 90 гадоў вокны мыюць і жэняцца. І мы павінны выкарыстаць гэты шанец другога жыцця. Я яшчэ хачу марскі круіз зрабіць вакол свету…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?