Мінчукі, якія ачунялі пасля COVID-19, распавядаюць, што іх па тэлефоне запрашаюць на парад 9 Мая. Тыя, хто тэлефанаваў, прадстаўляюцца супрацоўнікамі адміністрацый раёнаў Мінска. Аднак у саміх раённых адміністрацыях званкі адмаўляюць. Tut.by так і не ўдалося даведацца, хто мог тэлефанаваць мінчукам з такой прапановай.

Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Адзін з тых, хто перахварэў на каранавірус, расказаў, што на гэтым тыдні яму патэлефанавалі на асабісты мабільны. Чалавек прадставіўся супрацоўнікам адміністрацыі Савецкага раёна Мінска і прапанаваў яму як чалавеку, што выздаравеў ад каранавіруса, наведаць 9 мая парад. Мужчына адмовіўся, як ён тлумачыць, — «па меркаваннях сумлення».

Журналісты патэлефанавалі па нумары, які захаваўся ў яго тэлефоне. Там сказалі, што гэта камісія па справах непаўналетніх адміністрацыі Савецкага раёна Мінска. Аднак не змаглі падказаць, ці абзвоньваў нехта з такой прапановай з іх нумара тэлефона людзей, якія ачунялі. Пры гэтым адзначылі, што нічога пра падобныя мерапрыемствы не чулі.

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна Аксана Волкава паведаміла, што яны не абзвоньвалі тых, хто выздаравеў, і што жадаючыя пайсці на парад і так ёсць.

— У нас ёсць запрашальныя на парад, і арганізацыі — хто хоча — звяртаюцца. У нас насамрэч ёсць жадаючыя, якія бяруць квіткі, — пракаментавала яна.

Аднак на парад запрашалі не аднаго былога пацыента з COVID-19.

— Мне патэлефанавалі сёння, сказалі, што да мяне ёсць неардынарнае пытанне: можа быць, я б хацела прыйсці на парад 9 Мая? Сказалі, што тэлефануюць з адміністрацыі Маскоўскага раёна, — адзначае мінчанка, якая перахварэла на COVID-19.

У гэтым выпадку ператэлефанавалі па нумары, з якога звязваліся з дзяўчынай. Там пацвердзілі, што гэта адміністрацыя Маскоўскага раёна, але супрацоўніца, якая зняла трубку, удакладніла, што тэлефонам карыстаецца не яна адна, яна асабіста нікому па такіх пытаннях не тэлефанавала і наогул пра падобныя прапановы не чула.

Ва ўпраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Маскоўскага раёна таксама паведамілі, што ачунялых ад каранавіруса не абзвоньвалі, пры гэтым «сёння можна патэлефанаваць і прадставіцца кім хочаш».

Атрымаць аператыўны каментар у Мінгарвыканкаме не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?