Аляксандр Бацэнка — вядомы мінскі ўролаг, працуе ў цэнтры «Кравіра». 

Ён расказаў «Нашай Ніве» гісторыю свайго выратавання ад інфаркта, якая адбылася 11 сакавіка. Уначы знянацку прыхапіла сэрца, і медык ледзь не празяваў інфаркт. 

Бацэнка даўно працуе ў прыватнай сферы і мала сутыкаўся з дзяржаўнай медыцынай, але цяпер рассыпаецца ў кампліментах медыкам РНЦП кардыялогіі. 

Аляксандр Бацэнка, фота 103.by

Аляксандр Бацэнка, фота 103.by

«Мне так балюча было адзін раз, калі я выпадкова сустрэўся з нейратаксічнай медузай і яна мяне ўджаліла ў грудзі і твар. Гэты некіраваны боль было не апісаць, вы не ўяўляеце як гэта! І з інфарктам было тое ж самае — гэтак жа забалела ў грудзях. Паколькі я сам доктар, адразу сябе абязболіў, прыняў таблеткі і выклікаў хуткую.

Канечне, тут ёсць супярэчнасці, бо ўколатыя медыкаменты скажаюць клінічную карціну, дактарам цяжэй разабрацца. Гэтак жа адбылося і тут — брыгада прыехала, а на кардыяграме нічога крытычнага не відаць. Ведаючы, што ў мяне ёсць лекі, я адмовіўся ад шпіталізацыі. Хлопцы настойваць не сталі», — кажа Бацэнка. 

Пасля гэтага ён лёг спаць, а раніцай пазваніў знаёмаму кардыёлагу, каб расказаць пра начное здарэнне. Той, паслухаўшы, загадаў тэрмінова абколваць сябе нітрагліцэрынам і ехаць у бальніцу на таксі. Аляксандр прыехаў на таксі і праз паўгадзіны апынуўся ў рэанімацыі.

«Я застаўся ўражаны, праз 40 хвілін мяне ўжо аперыравалі! Я дагэтуль ніколі не быў у рэанімацыі, для іх гэта штодзённасць, а для мяне пытанне жыцця, таму ўсё так запомнілася. 

Вы павінны разумець узровень заробкаў у дзяржаўных сістэмах — кліент там не гатовы плаціць вялікія грошы, адзіны плюс толькі ў тым, што ты свой заробак гарантавана атрымаеш. 

У Штатах той доктар, які мяне аперыраваў, быў бы найбагацейшым чалавекам, але ў нас настолькі шчырыя і адказныя людзі, яны хочуць быць эфектыўнымі тут, не з'язджаюць, хаця і маглі б. Яны цягнуць сваю лямку днямі і начамі ў цяжкіх ўмовах, а мы гэта недаацэньваем, пакуль не акажамся ў крытычнай сітуацыі. 

Пакуль я ляжаў у рэанімацыі, я бачыў кожную хвіліну жыцця сваіх суседзяў. Я не ведаю, хто яны былі, але па манеры гаварыць я б не сказаў, што гэта нейкія вельмі адукаваныя ці багатыя людзі, але як да іх ставіліся дактары! Гэты ўзровень чалавечага стаўлення мяне здзівіў. 

Я паўтара года стажыраваўся ў Ізраілі, дзе жыццё чалавека — гэта золата. І вось гэта было нешта падобнае. 

Я потым расказаў сябрам з ЗША і Ізраіля пратакол лячэння ў Беларусі, што за чым мне пакрокава рабілі. Яны адказалі, што там мне рабілі б тое ж самае. Я ўражаны і кланяюся ўсяму калектыву Інстытута кардыялогіі, яны дзейнічаюць вельмі пісьменна і дакладна. Ужо на чацвёрты дзень я быў працаздольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?