Захворванне на COVID-19 зніжаецца ў некаторых раёнах Мінскай і Віцебскай абласцей, паведаміў журналістам міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, перадае БелТА.
Устойлівае зніжэнне на працягу некалькіх тыдняў назіраецца ў Віцебскім рэгіёне. Зараз там праводзіцца заключная дэзынфекцыя тых бальніц, якія раней былі перапрафіліраваныя для аказання меддапамогі пацыентам з каранавірусам, паступова яны вернуцца да звыклага рэжыму працы. Гэта тычыцца хірургічнага корпуса Віцебскага абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансэра. Да профільнага прыёму пацыентаў будуць рыхтаваць і неўралагічны корпус абласной бальніцы.
«Сітуацыя ў Віцебску дазваляе выводзіць ложкавы фонд з гэтай працы, наладзіць больш спакойнае пераразмеркаванне пацыентаў. Мы лічым, што сітуацыя ў Віцебскім рэгіёне нармалізуецца», — адзначыў міністр. Аналагічная сітуацыя складваецца і ў некаторых раёнах Мінскай вобласці.





