Былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, дарадцам якога пэўны час быў Валерый Цапкала (1993-1994), падзяліўся меркаваннем пра вылучэнне былога дырэктара ПВТ кандыдатам на прэзідэнцкія выбары.

Валерый Цапкала. Фота Сяргея Гудзіліна

Валерый Цапкала. Фота Сяргея Гудзіліна

«Гэта высокаадукаваны і разумны чалавек, але заглядваць у ягоную душу я не магу.

У свой час, калі ён ведаў, што я цярпець не магу тагачаснага міністра замежных справаў Пятра Краўчанку, бо ён ілжывы, подлы, нягодны, лазіў па Злучаных Штатах, перашкаджаў усім, рабіў усё, каб мяне туды не запрасілі. Дык вось, Цапкала ж прыйшоў да мяне як супрацоўнік Краўчанкі і так лоўка ахарактаразаваў міністра, што я зразумеў: гэта вельмі разумны чалавек!

Пасля Цапкала захацеў пабываць на Тайвані, і ў мяне былі пэўныя магчымасці яму дапамагчы, хаця пільнай патрэбы ў гэтым не было. Думаю, што ён здольны ў любых абставінах дзейнічаць выгадным для сябе чынам.

Ён не быў ніколі ў маёй камандзе. Ён быў катом, які гуляе сам па сабе. У яго была такая высокая кваліфікацыя, што я з задавальненнем запрасіў яго да сябе на працу ў якасці дарадцы па міжнароднай палітыцы.

Цапкала браўся за самыя розныя справы і добра іх выконваў.

Мне здаецца, што Цапкала можа быць і спарынг-партнёрам Лукашэнкі, і самастойным кандыдатам. Ва ўсялякім разе — гэта не ўзровень Гайдукевіча-малодшага ці Улаховіча.

Калі ён быў паслом Беларусі ў ЗША, то я меў з ім невялікі кантакт: у мяне скончыліся старонкі ў пашпарце, каб атрымаць канадскую візу, а мне трэба было туды з’ездзіць з ЗША. Дык Валерый усё зрабіў хутка і акуратна, будучы ўжо ў лукашэнкаўскай камандзе.

Канечне, я крыху здзівіўся, калі пабачыў, што ён хоча стаць кандыдатам. Але потым падумаў: калі ў нас Дзмітрыеў хоча быць кандыдатам, то ён у параўнанні з Цапкалам проста дробязь. Калі ў нас Караткевіч была кандыдатам, то гэта цырк. У справе з Цапкалам — гэта не цырк.

Па адукацыі, па здольнасці кіраваць ён адпавядае таму ўзроўню, каб вылучацца ў прэзідэнты. А ў чыёй ён камандзе, ці ў лукашэнкаўскай, ці ў самастойнай, я не здагадаюся. Я не такі знаўца людзей».

Глядзі яшчэ: «Вы б і Стыва Джобса арыштавалі»: пяць фактаў пра Валерыя Цапкалу

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?