У вёсцы Прусы Пастаўскага раёна 8 мая за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага затрымалі 49-гадовага Андрэя Новікава — былога супрацоўніка МУС Расіі. Мужчыну адвезлі ў Паставы і пасля складання пратакола паводле арт. 23.34 КаАП змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Пра гэта паведаміла жонка затрыманага Вольга, піша «Віцебская вясна».

Андрэй будзе знаходзіцца ў ІЧУ да панядзелка 11 мая. У панядзелак яго будуць судзіць.

Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні.

«Я не ведаю, што рабіць! Засталася адна з двума дзецьмі на руках: аднаму ўсяго 10 месяцаў, другое — з інваліднасцю. І яшчэ гаспадарка ўся на мне…» — наракае Вольга.

Па словах жанчыны, яе муж сапраўды ездзіў у Варапаева, калі туды прыязджаў Сяргей Ціханоўскі. «Але я ніяк не магу зразумець, у чым вінаватыя людзі, якія з ім сустракаліся, і якое там магло быць пікетаванне? Людзі ж невінаватыя!» — упэўненая Вольга.

Андрэй Новікаў служыў раней у расійскім МУС, ён палкоўнік паліцыі на пенсіі, займаў высокую пасаду начальніка УУС. Чатыры гады таму сышоў на пенсію і пераехаў жыць у Беларусь. Мае грамадзянства РФ і від на жыхарства ў Беларусі.

За апошнія дні былі затрыманыя некалькі ўдзельнікаў сустрэчаў з Ціханоўскім. Сам блогер атрымаў 15 сутак арышту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0