Улады Саудаўскай Аравіі ў тры разы павышаюць падатак на дададзеную вартасць (ПДВ) у рамках мер жорсткай эканоміі, што прымаюцца для падтрымкі заціснутай у ціскі пандэміі эканомікі, піша Бі-бі-сі.

Таксама будуць часова прыпыненыя выплаты ў сувязі з ростам пражытачнага мінімуму (надбаўка на дарагоўлю) бюджэтнікам.

Паступленні ў казну Саудаўскай Аравіі рэзка скараціліся з падзеннем коштаў на энерганосьбіты і спыненнем паветраных пералётаў на фоне пандэміі каранавіруса.

ПДВ у гэтай краіне быў уведзены ўсяго толькі два гады таму ў спробе скараціць залежнасць эканомікі краіны ад сусветных коштаў нафты-сырца. Даходы ад нафты ў каралеўстве ўпалі за гэты перыяд амаль на 25% у параўнанні з тым жа перыядам папярэдняга года — да 34 млрд даляраў, а агульная выручка скарацілася на 22%.

У той жа час Цэнтрабанк Саудаўскай Аравіі яшчэ ў сакавіку даў справаздачу аб рэзкім скарачэнні золатавалютных рэзерваў да самага нізкага ўзроўню з 2011 года.

Гэтыя меры, як чакаецца, замарудзяць тэмпы і маштаб Праграмы эканамічных рэформаў «Бачанне 2030», якую спрабуе ажыццявіць кронпрынц Мухамед ібн Салман.

Летась Саудаўская Аравія здолела атрымаць рэкордныя 25,6 млрд даляраў, выпусціўшы на біржу ў Эр-Рыядзе першасныя акцыі Нацыянальнага нафтавага гіганта Aramco.

Гэты крок стаў адным з асноўных у планах кронпрынца па мадэрнізацыі эканомікі і паслабленні яе залежнасці ад нафтавых коштаў.

Паводле новых правілаў, з 1 ліпеня ПДВ вырасце з 5% да 15%, а выплата надбаўкі на дарагоўлю жыцця будзе прыпыненая з 1 чэрвеня.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?