Што пра вылучэнне Цапкалы і Бабарыкі, дзейнасць Ціханоўскага думае прадпрымальнік і грамадскі лідар, былы палітвязень Зміцер Дашкевіч? Ён адказаў на пытанні «Радыё Свабода». Вось асноўныя пункты яго адказаў.

Пра Ціханоўскага, Спірына ды іншых блогераў

«З аднаго боку, добра, калі чалавек «прачынаецца» і вырашае, што трэба нешта мяняць у краіне. Але ў большасці сваёй гэта ўтапісты, якія не разумеюць рэальнага стану рэчаў, слушна не ацэньваюць свае сілы, структуры рэжыму. Таму шкада будзе людзей, якіх яны ўцягнуць, падвядуць пад рэпрэсіі, пераслед».

Пра Бабарыку і Цапкалу. Яны самастойныя гульцы ці частка паліттэхналогіі ўлады?

«Зыходзячы з таго, што мы бачым у Беларусі 26 гадоў — я думаю, што Лукашэнка і ягоны паліцэйскі рэжым не здатныя на такую тонкую гульню. Тым больш у сітуацыі, калі палітычная апазіцыя самазнішчылася. І тут раптам для чагосьці трэба Цапкала… І без яго намалююць любую яўку і працэнты».

«Умацаваць структуры»

«Гэта, вядома, не выбары і ніколі выбарамі не былі. Гэта палітычная кампанія. І гэтая кампанія істотна адрозніваецца ад тых, у якіх апазыцыя спрабавала ўдзельнічаць раней. Самае галоўнае адрозненне — раней (было гэта ўтопіяй ці не) апазіцыя заяўляла, што яна змагаецца за ўладу. Асабіста я да 2010 года ў гэта верыў і быў перакананы, што калі б грамадства і палітыкі праявілі волю — гэтую ўладу можна было б узяць.

Але сёння пра змену рэжыму людзі, якія збіраюцца балатавацца, нават не гавораць. Нехта «на разагрэў», нехта «ўмацаваць свае структуры» пад назвай «партыя». Што заўгодна, але толькі не змена ўлады, змены ў краіне. Для чаго на гэта марнаваць час і сілы — вялікае пытанне».

Пра статусную апазіцыю і праймэрыз

«Галоўная прычына, чаму так усё скончылася, у тым, што там сабраліся людзі, якія адно аднаго даўно не любяць (скажам дыпламатычна), адно аднаму даўно не давяраюць. Але нехта ім сказаў: «Рабяты, вам трэба зараз вось гэта правесці». Гэта адпачатку была ўтапічная ідэя.

Мы за 26 гадоў назіралі дзясяткі такіх кампаній, калі апазіцыя сядае за адзін стол, цалуюцца, абдымаюцца, іхныя твары на першых старонках незалежнай прэсы — «нарэшце аб’ядналіся». Але потым усё сканчаецца адным і тым жа.

Я даўно прыйшоў да высновы, што не трэба нікога аб’ядноўваць, ні да кога ісці. Трэба рабіць тое, што ты можаш рабіць. Калі гэта будзе годная справа, людзі цябе падтрымаюць. У 2016 годзе мы абаранялі Курапаты ад новага забудоўшчыка. Ні з кім не аб’ядноўваліся, за круглыя сталы не сядалі. Прыйшлі і проста леглі ў гэтыя лужыны — і потым там сабралася ўся апазіцыя. Таму не трэба спрабаваць аб’яднаць вожыка, вужаку і жабу. Трэба рабіць годную справу, і людзі далучацца».

Пра Севярынца і яго ўдзел у праймэрыз

«Я лічу, што гэта адпачатку была дурная ідэя, акт палітычнага самагубства. Чалавек стрэліў сабе ў нагу. Не хачу гэта больш каментаваць».

«Што рабіць?»

Ёсць шмат рэчаў, якія трэба рабіць, якія будуць нас збудоўваць, натхняць і рыхтаваць перамены. Мы можам паўсюль размаўляць па-беларуску. Мы можам прыйсці ў Курапаты і падтрымаць варту. Апошнія гады было некалькі эпахальных падзей, якія засведчылі, што нават у сціснутых умовах, у якіх жыве цяпер грамадзянская супольнасць, можна адно аднаго натхняць і падтрымліваць.

Наша галоўная задача — застацца пры памяці і пры сілах у дзень, калі Лукашэнкі не будзе. З пазітыўных рэчаў можна згадаць БНР100, перапахаванне Каліноўскага, Курапаты, калі высілкамі невялікай колькасці людзей можна зрабіць рэчы, якія даюць сілу. На гэтым я б параіў сканцэнтравацца людзям, якія могуць гэта пачуць. На тых рэчах, якія будуць нас яднаць і натхняць. А не на тых, пасля якіх мы крычым: «А, зноў асудзілі, пабілі, затрымалі». А потым — адзін з'ехаў, другі закрыўся і гэтак далей.

Энергія ў народзе, якая цяпер закіпае, можа быць накіраваная ў пазітыўнае рэчышча. Праблема, што палітычныя лідары дваццаць гадоў раскідваюць камяні, а не думаюць пра тое, каб іх збіраць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?