sme.sk
Пасол Славакіі ў Беларусі Ёзэф Мігаш падаў у адстаўку, якая была прынятая. Пра гэта паведамляе Tut.by са спасылкай на Dennik.
Нягледзячы на сітуацыю з каранавірусам, пасол Славакіі ў Мінску Ёзэф Мігаш узяў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды заканчэння вайны 9 мая ў Беларусі. Калі ў МЗС Славакіі пацікавіліся ў дыпламата, чаму ён адправіўся на парад, Мігаш падаў у адстаўку, якая была прынятая.
Як распавёў Ёзэф Мігаш прэсе, яго ўдзел у парадзе быў прынцыповай пазіцыяй: «Я сын партызана і антыфашыста».
У МЗС Славакіі лічаць, што пасол парушыў прынцыпы камунікацыі са штаб-кватэрай, не расказаўшы аб намеры ўдзельнічаць у парадзе 9 мая ў Мінску.
«Пасол Мігаш папрасіў адхіліць яго ад пасады. Ён парушыў асноўныя прынцыпы сувязі са штаб-кватэрай, не пракансультаваўшыся пра свой удзел у святкаванні гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны ў Мінску, нягледзячы на каардынацыю мясцовай дэлегацыі ЕС», — сказалі ў прэс-службе МЗС Славакіі.
Ёзэф Мігаш быў прызначаны амбасадарам Славакіі ў Беларусі ў 2016 годзе.
На парадзе ў Мінску 9 мая прысутнічалі два амбасадара з краін ЕС — Венгрыі і Славакіі. Большасць паслоў краін Еўрасаюза не прынялі запрашэнне прыйсці на парад.