Валерый Цапкала (злева) і Віктар Бабарыка.

Вылучэнне ў прэзідэнты банкіра Віктара Бабарыкі і экс-дырэктара Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы стала нечаканасцю для палітычных аналітыкаў.

Ці варта іх лічыць рэальнымі апанентамі Аляксандра Лукашэнкі?

Адзін з арыенціраў — адсачыць стаўленне дзяржаўнай прэсы да гэтых альтэрнатыўных кандыдатаў.

Пошук на сайце «Советской Белоруссіі» не паказвае ніводнай навіны, у якой бы згадваўся Валерый Цапкала. Гэта звыклая практыка дзяржаўных СМІ — проста ігнараваць тых ці іншых асобаў.

Сітуацыя з Віктарам Бабарыкам іншая. Пасля таго, як ён абвесціў пра сваю ініцыятыву, калумністы «Советской Белоруссіі» прысвяцілі яму два меркаванні.

12 мая выйшла спроба «расследавання» таго, каму належыць краўдфандынгавая платформа MolaMola, заснавальнікам якой грамадства лічыць Эдуарда Бабарыку. Гэта сын Віктара Бабарыкі і кіраўнік яго ініцыятыўнай групы.

Высветлілася, што платформа належыць ТАА «Хайв Проджэкт». Яно, у сваю чаргу, належыць латвійскаму «МВС Інвестмент», якое знаходзіцца пад кантролем грамадзян Латвіі Аляксея Сцяпанава і Аляксандра Растова. Пра што гэта сведчыць? Ні пра што, прызнае аўтар «СБ». Проста хацелася падзяліцца інфармацыяй, што там адбываецца нешта нібыта законнае, а насамрэч дзіўнае.

Праз два дні найлепшы аналітык Беларусі Андрэй Мукавозчык вырашыў перагледзець «Ток» з Віктарам Бабарыкам, які ўпершыню з'явіўся на «Нашай Ніве» ў снежні 2019 года.

А пасля заблытана і намёкамі выказаць у сваёй калонцы асноўны пасыл: маўляў, Бабарыка ідзе ў прэзідэнты, каб прадаць Беларусь.

«Мы пабудавалі не самастойную эканоміку, а дзяржаву-паразіт», — лічыць чалавек, відавочна, жадаючы стаць супер-паразітам. Навошта? Сваю перадвыбарчую платформу па зразумелых прычынах ён пакуль не апублікуе. Але шматлікія важныя словы былой слупковай дваранкай (закрэслена) ужо сказаныя: «Прыходзіць час, і надыходзіць гадзіна расплаты. Апошняе «фамільнае срэбра» — дзяржава Беларусь — стаіць на вітрыне. Прыспеў час…»

Не падобны ўжо Віктар Бабарыка да кіраўніка банка. Не падобны яшчэ і да дзеяча больш маштабнага ўзроўню. І нават да мецэната-дабратворца не вельмі падобны. А больш за ўсё нагадвае незнаёмага судовага прыстава, які прыйшоў выканаць чужую волю па апісванні маёмасці, якая спадабалася яму. Абапіраючыся на тых дурняў, што так часта і так ахвотна бралі ў яго шматслоўныя інтэрв'ю», — падсумоўвае Мукавозчык.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру