Сёння ў гарадскім пасёлку Свір Мядзельскага раёна развіталіся з работнікам псіханеўралагічнага дома-інтэрната, 62-гадовым Віктарам Янцэвічам. Як кажуць яго родныя, у даведцы пра смерць мужчыны стаіць каранавірусная інфекцыя. У суседняй вёсцы Лушчыкі таксама рыхтуюцца да пахавання. Учора ў бальніцы памёр работнік дома-інтэрната, 57-гадовы Пётр Валынец. Жонкі Віктара Янцэвіча і Пятра Валынца ў бальніцы — яны таксама супрацоўніцы інтэрната, паведамляе Tut.by.

Чытайце таксама: «У нас у Свіры столькі пнеўманій!» Памёр 53-гадовы бізнэсмен

— У таты ў даведцы пра смерць стаіць COVID-19, маму на пахаванне не пусцілі, яна ў бальніцы, — плача на тым канцы проваду Вольга, дачка памерлага Віктара Янцэвіча. Яе бацькі разам працавалі ў інтэрнаце. — Мне да слёз шкада дырэктара Русака Казіміра Мечыслававіча. Ён застаўся з хворымі амаль адзін, многія супрацоўнікі захварэлі. Дай Бог яму сіл! Абавязкова паеду да Казіміра Мечыслававіча пасля пахавання таты сказаць дзякуй.

Свірскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат знаходзіцца ў Мядзельскім раёне, як кажуць мясцовыя, а ў рэгіёне два асноўныя месцы працы — калгас і інтэрнат. Нядзіўна, што ў інтэрнаце працуюць цэлымі сем'ямі.

Адзін з валанцёраў распавядае Tut.by: ён шмат гадоў падтрымлівае Свірскі інтэрнат, а ў сакавіку кінуў туды прыязджаць. У краіне сталі фіксаваць першыя выпадкі каранавіруса, выйшаў дакумент, па якім валанцёрскія паездкі на час прыпынілі.

— Мы дапамагаем і адпраўляем сродкі індывідуальнай абароны: процічумныя касцюмы, маскі, рэспіратары, акуляры, бахілы, ахоўныя экраны, цеплавізары. Яшчэ ў красавіку больш за 20 супрацоўнікаў інтэрната былі шпіталізаваны ў бальніцу з падазрэннем на двухбаковую пнеўманію. А на днях зрабілі тэсты на каранавірус — COVID-19 пацвердзіўся ў 18 чалавек з персаналу і 13 тых, хто пражывае, а ўсяго ў інтэрнаце больш за 150 чалавек [даныя па колькасці хворых афіцыйна не пацверджаныя. — Заўв. Tut.by]. Самае страшнае цяпер: людзі баяцца і пачынаюць звальняцца, сыходзіць у адпачынак за свой кошт. І тады пытанне, хто пойдзе працаваць у інтэрнат, прыглядаць і даглядаць за асаблівымі людзьмі, ведаючы пра ўсю сітуацыю?

Тое, што ў інтэрнаце ўспышка захворвання, пацвярджаюць і мясцовыя жыхары з вёскі Камарова і гарадскога пасёлка Свір. У кагосьці ў бальніцы ляжыць сваяк, у кагосьці — сусед ці знаёмы.

Віктар Янцэвіч быў шпіталізаваны разам з жонкай. Ён памёр 12 мая, Віктару Антонавічу было 62 гады.

— Зараз у бальніцы многія супрацоўнікі інтэрната, вунь сусед таксама з жонкай ляжаць, ён у рэанімацыі. Са 100 супрацоўнікаў мала хто застаўся на працы. Разумееце, спачатку ні ў каго не бралі тэсты на каранавірус, усе ішлі на працу ў інтэрнат, а потым вярталіся ў сям'і, — уздыхае Лілія Станіславаўна, сваячка памерлага Віктара Янцэвіча. — У Віктара Антонавіча была невялікая тэмпература, адчуваў сябе добра, а ў выніку ўсё так скончылася… Лекары ж не вінаватыя, яны робяць усё, што могуць. У нашай мядзельскай бальніцы просты рэнтген, ён не паказвае ўсю карціну. Людзей адпраўляюць дадому.

На наступны дзень у бальніцы памёр 57-гадовы Пётр Валынец. Ён жыў у суседняй вёсцы Камарова. Як распавядае Аляксей, сын памерлага, пакуль пасведчанне аб смерці бацькі ён не атрымаў, таму не ведае, што напісана ў графе «прычына смерці».

— У шпіталі яшчэ ляжыць мая мама, таксама работнік інтэрната, бухгалтар. На днях казала мне, што ў іх з татам пацвердзілі COVID-19. Першым у бальніцу трапіў бацька, гэта было 3 мая, а мама — на наступны дзень, — успамінае Аляксей.

Паводле яго слоў, апошнія дні жыцця Пётр Валынец быў падлучаны да апарата ШВЛ.

Сённяшнюю сітуацыю ў інтэрнаце адзін з валанцёраў лічыць «вельмі складанай».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру