Многія звяртаюць увагу, што старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава цяпер выглядае такім кіраўніком Адміністрацыі без адміністрацыі, галоўным антыкрызісным менеджарам краіны. 

Яна тлумачыць дзяржаўную палітыку і логіку прыняцця рашэнняў, па даручэннях Лукашэнкі ездзіць па абласцях, падае сігналы наменклатуры: словам, займаецца дзейнасцю, якая далёка выходзіць за прапісаныя абавязкі кіраўніка заканадаўчага і прадстаўнічага органа.

Чаму так адбываецца і якую ролю яна цяпер выконвае ў дзяржаве?

Фота: тэлеграм-канал «Пул первого»

Фота: тэлеграм-канал «Пул первого»

Сапраўды, цяперашні кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка (або ІП, як яго называюць падначаленыя) першыя месяцы практычна па кожным пытанні кансультаваўся з Качанавай.

Эксперты ўнутры сістэмы тлумачаць такі тандэм проста, вылучаючы два асноўныя моманты: 

а) Качанава перадае Сяргеенку справы (Косінец у свой час не вадзіў за руку Качанаву толькі таму, што трапіў у апалу, і Лукашэнка яго выгнаў), сама ж яна больш не магла знаходзіцца ў статусе кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта праз узрост;

б) Качанава, імаверна, будзе рэальным кіраўніком выбарчага штаба Лукашэнкі: арганізацыя вертыкалі ў частцы адбору людзей для збору подпісаў і работы ў камісіях, арганізацыя таго самага «выбарчага працэсу», дзякуючы якому Лукашэнка захоўвае ўладу — гэта ўсё на ёй. А Сяргеенка будзе кантраляваць выкананне і выканаўцаў, словам, рабіць тое ж, што рабіў у КДБ, але з большымі паўнамоцтвамі. Таму яны часта бачныя ўтраіх. 

Фота: тэлеграм-канал «Пул первого»

Фота: тэлеграм-канал «Пул первого»

Кіраўнік Савета Рэспублікі — гэта частка сістэмы стрымлівання і супрацьваг, таму раней там былі шэрыя людзі накшталт Рубінава, а цяпер там вельмі актыўная Качанава.

Таму падаецца, што яна будзе займацца і правядзеннем канстытуцыйнай рэформы, пра якую апошні час шмат гаворыць Лукашэнка, якая, па ідэі, павінна ўзмоцніць прадстаўнічыя органы ўлады. 

Гэта назіраецца ўжо цяпер. 

«За Савет Рэспублікі яна ўзялася, работнікі забегалі. Гэта хіба не ўпершыню за мой час работы, калі сакратарыят СР стаў бачны і чутны, можа, нехта і сыдзе з гэтай сінекуры, бо не вытрымае ціску», — кажуць яе падначаленыя. 

Але відавочна, што калі Лукашэнка чарговы раз адкладзе заканадаўчае ўразанне паўнамоцтваў прэзідэнта, то роля і СР, і Качанавай пакрысе пойдзе ўніз. 

Нейкае, прынамсі часовае, узвышэнне ролі СР выглядае лагічным з прыходам туды Качанавай, але гэтак жа яно адкаціцца ў выпадку, калі Сяргеенка вырашыць абмежаваць Качанавай доступ да цела. А магчымасць асабіста гаварыць з Лукашэнкам — гэта асноўны чыннік, які вызначае ўплывовасць чыноўніка ў Беларусі. 

Цяпер жа, наколькі нам вядома, з Качанавай, прынамсі на ўзроўні начальнікаў упраўленняў АП, сапраўды ўзгадняюцца некаторыя рэчы перад тым, як чыноўнік пойдзе з імі да Лукашэнкі ці будзе пісаць яму ліст.

За што Лукашэнка так палюбіў Качанаву? 

«Часта на пасадзе кіраўніка АП былі невыразныя людзі, якія мала ўплывалі на хаду падзей, напрыклад — Генадзь Нявыглас. Але Качанава рэальна спрычынілася да ўсяго, што адбывалася. Назваць яе эфектыўным менеджарам? Ну не. Наваполацк пры ёй не стаў горадам-садам, як і не заквітнела Беларусь. Відавочна, яна цэніцца не за гэта. 

Лукашэнка ўбачыў у ёй тое, да чаго заўсёды імкнуўся — такога кіраўніка Адміністрацыі, які не будзе пярэчыць, а будзе ўзносіць словы галоўнакамандуючага. Яна цалкам адпавядае ягонаму стылю — не ведае сумневаў у выкананні дзяржаўнага курса, але нібыта надае яму нейкае чалавечае аблічча.

Але ўсё гэтае ўнутранае тармажэнне, кансервацыя працэсаў, адсутнасць дынамікі пад выглядам дынамікі — гэта ўсё яна», — кажа абазнаны чалавек з уладных колаў. 

Асноўнымі промахамі Качанавай наменклатурнікі лічаць кадравыя памылкі ў рэгіёнах (калі старшыні выканкамаў звальняліся, пабыўшы на пасадзе літаральна пару месяцаў), а таксама культывацыю рэжымнага дагматызму, які замінае эфектыўнаму кіраванню і творчым праявам менеджараў.

Пры гэтым пры жорсткай Качанавай устанавілася палітычная стабільнасць лукашэнкаўскай сістэмы, задушана альтэрнатыўная палітычная думка, што можна разглядаць як мінус, бо ўлада, якую ніхто не падвяргае праверцы і крытыцы, замінае цвяроза глядзець на рэчы — наступствы гэтага і незадаволенасць кансервацыяй пачалі праяўляцца яшчэ да пачатку электаральнага цыклу. 

Чытайце таксама: Відэаблогер Ціханоўскі перанёс пратэсты з анлайна на вуліцы. І аказалася, што «краіна для жыцця» закіпае

Што датычыць кадравай палітыкі ў самых вярхах, то Качанава здолела паваліць нямала фаварытаў Лукашэнкі. 

Чаго вартыя толькі Павел Якубовіч, Рыгор Кісель ці Лілія Ананіч, або кіраўнік «Нафтана», якога, па старой непрыязнасці, Качанава, як кажуць, зняла адным з першых, калі атрымала такую ўладу.

З'ела Качанава і бескампраміснага Ігара Шуневіча, які, па-першае, адмаўляўся падпарадкоўвацца кіраўніцы Адміністрацыі: «Я служу прэзідэнту», а, па-другое, сваёй манерай прымяняць сілу без дастатковых падстаў (напрыклад — цыганы ў Магілёве ці раўнівая абарона помніка гарадавому на Гарадскім Вале) метадычна дыскрэдытоўваў спробы стварэння «чалавечнага» іміджу уладаў. 

Тут Качанава праявіла сябе і вызначыла Адміністрацыю прэзідэнта як апошнюю інстанцыю ў справе пошуку справядлівасці, а потым і ўвогуле зняла Шуневіча без права вяртання ў сістэму.

Гэта выглядае адным з самых значных яе ўчынкаў: па асобе новага Юрыя Караева прасочваецца стыль кіравання — ён ужо ішоў на новую пасаду з устаноўкай мяняць работу МУС, таму і першыя словы яго былі пра «чалавечнасць» і «адкрытасць».

Расказваюць такую гісторыю, як у адной з вёсак два інспектары ўначы затрымалі мужчыну за пераход вуліцы ў неналежным месцы, але затрымалі не проста, а закаваўшы ў кайданкі, калі той пачаў уцякаць. 

Усё было нібыта зроблена па законе, і Шуневіч адмахнуўся б ад скаргі на дзеянні інспектараў, адкуль бы яму ні прыйшла задача разабрацца. 

Караеў жа пасля перасланай з АП скаргі нікому не перадаручыў разбор, а сам выклікаў інспектараў для правядзення ўнушэнняў.

Вялікая роля Качанавай была таксама ў гісторыі з прызнаннем «Матчынага руху 328» і справай апраўданага інжынера Галавача. 

Можна таксама сказаць, што Качанава спрычынілася да шырокага святкавання «БНР-100», але, выглядае, яна проста не зразумела, на што дала дабро. 

Падсумоўваючы, можна выказаць здагадку, што вынаходніцтва Качанавай «новай сацыяльнай палітыкі», дзе ва ўмовах адсутнасці эканамічных поспехаў акцэнт робіцца на сацыяльную справядлівасць і чуллівасць уладаў да праблем маленькіх людзей стане трэндам кіравання ў лукашэнкаўскай сістэме. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?