«Кандыдаты пратэсту» і іх паплечнікі, якіх затрымалі 19 мая ў будынку Вярхоўнага суда, правялі ноч у турме на Акрэсціна. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла Марына Адамовіч, жонка палітыка Міколы Статкевіча. Ініцыятыўныя групы іх абаіх ЦВК адмовілася зарэгістраваць 19 мая.

У чым вінавацяць затрыманых актывістаў, якія якраз прыйшлі ў Вярхоўны суд, каб падаць скаргу на ЦВК за нерэгістрацыю, у праваахоўных органах пакуль не паведамляюць.

Падчас абскарджвання пастаноў Цэнтарвыбаркама аб нерэгістрацыі часткі ініцыятыўных груп у Вярхоўным судзе затрымалі 7 чалавек. Сярод іх «кандыдаты пратэсту» Анжаліка Жалезнякова, Тамара Патоцкая, Уладзімір Неўмяржыцкі, актывісты Сяргей Спарыш, Арцём Бабок, Юлія Лемехава і Дзмітры Місюк. Быў затрыманы яшчэ адзін «забракаваны кандыдат», Валянцін Фралоў, але пазней яго адпусцілі.

Сілавікі ў цывільным заходзілі ў судовыя залы, дзе ішлі пасяджэнні, і выводзілі людзей да аўтобуса. Супрацоўнікі міліцыі ў форме, якія там знаходзіліся, не ўмешваліся.

Затрыманых даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска. Толькі жонцы Сяргея Спарыша пацвердзілі, што яе мужа перавезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Пазней, як удакладніла Марына Адамовіч, стала вядома, што там жа правялі ноч і астатнія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0