Вярхоўны суд зацвердзіў смяротны прысуд братам Іллі і Станіславу Косцевым, якія ў ноч на 10 красавіка 2019 года забілі настаўніцу Наталлю Кастрыцу, піша Mogilev.online. Паводле следства, на працягу пяці гадзін браты збівалі 47-гадовую жанчыну і рэзалі нажом.
Калі настаўніца памерла, Косцевы выкралі прадукты харчавання і камп'ютар, а дом падпалілі, спрабуючы ўтаіць сляды злачынства.
У студзені 2020 года Магілёўскі абласны суд прысудзіў братоў да смяротнага пакарання.
У СМІ з'яўляліся матэрыялы пра тое, што ў сям'і Косцевых і Наталлі Кастрыцы быў даўні канфлікт. Незадоўга да гібелі Кастрыца выказвала намер перадаць на дзяржаўнае забеспячэнне дзяцей сястры Косцевых.
22 мая Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю Іллі і Станіслава Косцевых і адхіліў яе. Смяротны прысуд братам пакінуты ў сіле.
Апошняя надзея братоў Косцевых — памілаванне Лукашэнкі. Шанцаў на яго вельмі мала, улічваючы выказванні Лукашэнкі пра гэтую справу.