У Гродне АМАП затрымаў блогера Сяргея Ціханоўскага і яго аператара. Затрыманне трапіла ў жывы эфір.

Спачатку ў кадры з'явіліся дзве жанчыны-правакатаркі, якія патрабавалі, каб Ціханоўскі адказаў на іх пытанні. Блогер сыходзіў ад іх, але яны пераследавалі яго.

Неўзабаве з'явіліся двое міліцыянтаў. Адзін з іх пацягнуў Ціханоўскага за руку, людзі кінуліся адбіваць блогера.

У гэтай мітусні нехта штурхануў міліцыянта, ён упаў.

Тут і з'явіўся АМАП, які затрымаў Ціханоўскага.

«Хлопцы, нейкая правакацыя, мы нічога не рабілі», — паспеў сказаць блогер. 

Затрыманых адвялі ў мікрааўтобус. Людзі спрабавалі не даць яму з'ехаць, але міліцыі ўдалося звезці блогера. Ён і іншыя затрыманыя знаходзяцца ва УУС Гродзенскага аблвыканкама. Паведамляецца пра 10 затрыманых.

Каля УУС знаходзяцца дзясяткі людзей. Яны патрабуюць адпусціць блогера.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0