Былы кіраўнік Парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала, які ўдзельнічае ў прэзідэнцкай кампаніі, усё яшчэ шмат для каго застаецца загадкай. У апошнюю вясновую пятніцу прэтэндэнт вырашыў сустрэцца з выбарцамі Каменнай Горкі, самага шматлюднага раёна Мінска. Месцам для сустрэчы стала пляцоўка ля гандлёвага цэнтра Green City.

Амаль адразу на выхадзе з падземнага пераходу размясціліся два пункты па зборы подпісаў: за Цапкалу і за Бабарыку. Такіх натоўпаў, якія назіраюцца ва ўсіх гарадах за Ціханоўскага, там не было. Тым не менш, за Бабарыку падпісваюцца куды больш ахвотна, чым за Цапкалу. Ды і пікет прыхільнікаў банкіра выглядае больш прэзентабельна.

Цапкалаўцы збіраюць подпісы на століках з брэндаваннем «Рэчыцкае піва». Стэнд ненадзейны, адзін раз яго літаральна здзьмула ветрам, давялося лавіць, каб не зляцела куды далей. Подпісы збірае беларускамоўная жанчына. «Які ваш раён?» — пытаецца яна ў кожнага, хто падыходзіць да яе. Потым шукае адпаведныя бланкі. Падыходзяць падпісвацца людзі, у якіх на пашпартах вокладкі з Пагоняй.

Сам Валерый Цапкала спазняецца аж на 20 хвілін. Людзей чакае нямнога. На мабільнік трансляцыю вядзе Юрый Радзькоў, той самы «Цар-Мёд», які калісьці хацеў пайсці ў прэзідэнты, а цяпер ладзіць вечары, дзе чытае вершы Сталіна. Прыхільнікаў Бабарыкі ён пераконвае, што насіць маскі — гэта дурасць. Здаецца, яго не слухае ніхто.

Кандыдат прыходзіць у вятроўцы Paul & Shark Royal Yacht Club і чырвонай бейсболцы Polo. Побач з ім жонка Вераніка. Адразу агучвае лічбы, што за яго ўжо паспела падпісацца амаль 30 тысяч чалавек. Заклікае распісвацца за ўсіх. «Цяпер не час вызначацца», — кажа ён.

«У нас ёсць традыцыйны пратэстны электарат. І так аказалася, што Ціханоўскі адзіны, які на пратэстным фланзе. Я не вялікі прыхільнік Салжаніцына, але ён у сваёй працы «Чырвонае кола» сказаў, што найбольш цяжка накрэсліць сярэднюю лінію грамадскага развіцця», — сказаў Цапкала пра папулярнасць Ціханоўскага. Вядома, ён лічыць, што менавіта яго каманда спрабуе крэсліць сярэднюю лінію.

«Наша праграма не негатывісцкая, а пра Беларусь будучыні». Цапкала прызнаўся, што хоча прыбраць «Табакеркі», каб рабіліся добрыя дарогі і якасныя будынкі для жылля. «Паглядзіце, у крамах польскія яблыкі, бульба, рэдзька. Мы не можам нават вырасціць тое, што ў Беларусі расце».

Агулам паслухаць прэтэндэнта сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек. Дзяўчына запыталася, ці ў ягонай Беларусі будучыні міліцыянеры будуць атрымліваць больш за настаўнікаў і медыкаў. Цапкала сышоў ад прамога адказу. Ён сказаў, што за тое, каб міліцыянеры, якія займаюцца папяровай працай не сыходзілі рана на пенсію. А вось людзі, якія сапраўды працуюць у полі, ловяць злачынцаў, маюць права на такую перавагу. А вось адукацыю ён назваў самай важнай сферай жыцця ў нашай краіне.

«Адукаваны чалавек стварае такія кампаніі, як Apple, Google, EPAM, Wargaming, а дзяржава ўкладае 200 мільёнаў даляраў у Шклоўскую папяровую фабрыку, а газетная папера ўжо нікому не патрэбна. Лепш гэтыя грошы аддаць на адукацыю і ахову здароўя».

У той самы дзень Аляксандр Лукашэнка намякнуў, што мае кампрамат на Цапкалу. Ён папрасіў, каб журналісты пацікавіліся, за што ж яго звольнілі з ПВТ. Зроблена. «Дзесяць гадоў — гэта дастатковы час, стварыў нешта, папрацаваў. Добра ты справіўся, кепска, хай пра гэта спрачаюцца гісторыкі».

Сярод тых, хто прыйшоў да Цапкалы быў мужчына, якога жыхары Каменнай Горкі добра візуальна ведаюць. Ён вельмі часта сядзіць у падземных пераходах разам са сваім сабакам. Дык вось гэты мужчынка спачатку сабраў апладысменты, спытаўшы, ці плануе Цапкала зачыніць ЛТП. Прэтэндэнт сказаў, калі сусветная практыка такая, то зачынім.

Потым гэты ж мужчына прынёс кандыдату каву з «Бургер-Кінга». «Ды хто я такі ў параўнанні з Лукашэнкам?» — роспачна казаў ён.

«Лукашэнка не цар і не бог. Ён такі самы чалавек, як і вы», — адказаў Цапкала. Потым яны нават абняліся. Абдымаўся Цапкала і з п’яным ці то токарам, ці то наладчыкам МТЗ, які абураўся, што да візіту Лукашэнкі на заводзе зрабілі паказуху. «Бессэнсоўна прэзідэнту ездзіць на заводы», — сказаў прэтэндэнт.

«Дзе ваша сапёрная рыдлёўка?» — спытаў чалавек, які намякаў на тое, што ісці з пустымі рукамі на прэзідэнтцва неразумна. «Я служыў у ракетных войсках», — аджартаваўся Цапкала. Не адказаў і пра тое, як ён збіраецца адстойваць перамогу. «Павінна быць інтрыга, пакінем гэта на наступны этап».

Цапкала супраць легалізацыі наркотыкаў, але за змякчэнне заканадаўства. Кажа, што пры першым затрыманні можа быць і адміністрацыйнае пакаранне, калі гэта не распаўсюд.

Выказаўся ён рашуча супраць «дэкрэта аб дармаедах». «Ва ўсім свеце такім людзям дапамагаюць, а не караюць», — сказаў ён.

«Я хачу, каб усе беларусы маглі зарабляць столькі ж, як праграмісты», — на развітанне сказаў Цапкала. А лагічны канец сустрэчы надышоў, калі той самы спадар з сабачкамі прынёс Вераніцы Цапкала букет ландышаў. Абдымаліся ўжо ўсе трое.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?