31 мая амерыканскаму акцёру і рэжысёру Клінту Іствуду спаўняецца 90 гадоў. Упершыню на кінаэкране ён з'явіўся ў 1955 годзе ў не адзначанай нават у тытрах эпізадычнай ролі ў баявіку-жаху «Помста пачвары». Яго самы свежы (будзем спадзявацца, не апошні) фільм «Справа Рычарда Джуэла» выйшаў у 2019 годзе. За шэсць з паловай дзесяцігоддзяў фільмаграфія Іствуда-акцёра і рэжысёра налічвае дзясяткі карцін, у якіх увасобіліся самыя розныя бакі выдатнага кінематаграфіста і ўнікальнай асобы.

BBC прапануе дзесятку найлепшых карцін Клінта Іствуда. Размешчаны яны ў храналагічным парадку, які адлюстроўвае эвалюцыю майстра.

 

«За прыгаршчу даляраў»(A Fistful of Dollars), 1964, «На некалькі даляраў больш» (For a Few Dollars More), 1965, «Добры, дрэнны, злы» (The Good, the Bad and The Ugly), 1966

Так званая «даляравая трылогія» італьянскага кінарэжысёра Сэрджыа Леонэ адкрыла свету акцёра, які не толькі ўжо пераваліў за чацвёрты дзясятак, але і на працягу дзесяцігоддзя біўся за прызнанне, а таксама зацвердзіла асаблівы новы жанр у кіно — спагеці-вестэрн. У трылогію гэтыя тры фільмы аб'яднала сыграная Іствудам фігура галоўнага героя, дакладней антыгероя — «чалавека без імя», нязменна маўклівага, у сваім нязменным понча, каўбойскіх ботах, шыракаполым капелюшы і з цыгарылай у зубах.

І хоць «даляравая трылогія» была ўкаранёная ў самой што ні на ёсць сталай галівудскай традыцыі — вестэрне — Іствуд і Леонэ прыўнеслі ў вобраз свайго героя новае, спароджанае рэвалюцыйнымі 60-мі стаўленне, якое стала ўзорам новай моды, новага стылю, новай «крутасці». Матацыклетныя каўбоі Генры Фонды і Дэніса Хопера ў «Бестурботных ездакоў» — спараджэнне стылю Іствуда.

 

«Куды не далятаюць і арлы» (Where Eagles Dare), 1968

Класічны баявік часоў Другой сусветнай вайны, у якім дэсант саюзнікаў на чале з брытанскім маёрам Смітам (Рычард Бертан) і амерыканскім лейтэнантам Шэферам (Іствуд) высаджваецца ў акупаваных нацыстамі Альпах для выратавання амерыканскага генерала, які трапіў да немцаў у палон. Герой Іствуда ўжо не абыякавы каўбой з «даляравай трылогіі», але ў ім ёсць тая ж мужнасць чужынца, закінутага ў небяспечныя абставіны, у якіх ён становіцца ўжо не антыгероем, а героем.

 

«Брудны Гары» (Dirty Harry), 1971

Разам з «чалавекам без імя», паліцэйскі інспектар з Сан-Францыска Гары Калахан па мянушцы «брудны Гары» - адна з самых знакамітых роляў Іствуда. Падціснутая губа, нязменны твідавы касцюм і такі ж нязменны, у любы імгненне гатовы выскачыць з кабуры «Магнум». Гары Калахан знаходзіцца ў бясконцым супрацьстаянні не столькі са злачынным светам, колькі са сваім прадажным некампетэнтным начальствам. Цынічны коп, які нікому не верыць, заклаў аснову цэлага шэрагу аналагічных карцін, у цэнтры якіх такія ж героі, што дзейнічаюць самі па сабе і маюць уласныя ўяўленні пра закон і справядлівасці.

 

«Сыграй мне Misty» (Play Misty For Me), 1971

«Misty» - назва класічнай п'есы джазавага піяніста Эрала Гарнера, і ў гэтым сваім першым аўтарскім фільме Іствуд упершыню праявіў у кіно сваю любоў да джазу. Герой карціны —радыё-дыджэй Дэвід Гарнер — трапляе ў падступна расстаўленую пастку сваёй спакусніцы-слухачкі. Іствуд тут ужо не мужны герой, а расслаблены багемны інтэлектуал, бездапаможная ахвяра набіраючага ў 60-70-я гады сілу дамінуючага фемінізму.

 

«Уцёкі з Алькатраса» (Escape from Alcatraz), 1978

Алькатрас — закінуты форт на востраве ў заліве Сан-Францыска. Самая страшная турма Амерыкі, збегчы з якой немагчыма. Туды трапляе закаранелы рэцыдывіст, разумны і мэтаскіраваны Фрэнк Морыс (Іствуд) і менавіта гэта — уцёкі з Алькатраса — ён і мае намер здзейсніць. Але галоўнае ў гэтай стужцы, як і ў большасці фільмаў з удзелам Іствуда — не прыгоды, а герой. Чалавек, годнасць і мужнасць якога не здольныя зламаць ніякія абставіны.

 

«Птах» (Bird), 1988

«Птах» - мянушка вялікага саксафаніста Чарлі Паркера. Чыста рэжысёрская праца Іствуда, у якой сам ён, як акцёр нават не з'яўляецца. Іствуд праз усё жыццё пранёс любоў да джазу - музыкі свайго дзяцінства і юнацтва. Любоў гэтую ён здолеў перадаць і сыну-прафесійнаму джазаваму кантрабасісту Кайлу Іствуду.
«Птах» - баёпік Паркера. Іствуд і выканаўца галоўнай ролі Форэст Уітакер здолелі па-майстэрску перадаць трагедыю генія, які спрабаваў усё сваё кароткае жыццё прымірыць дзве жарсці — музыку і наркотыкі.

 

«Непрабачаны» (Unforgiven), 1992

І зноў вестэрн. Гісторыя былога бандыта Уільяма Мані (сам Іствуд), які спачатку проста за грошы, а чым далей, тым больш з прыроджанага пачуцця справядлівасці выпраўляецца помсціць злыдням, выбудаваная, на першы погляд, па ўсіх законах класічнага амерыканскага жанру. Але Іствуд пераасэнсоўвае клішэ вестэрна і ператварае гісторыю ў роздум пра ўзрост, гонар, мужнасць і гераізм.

 

«Малая на мільён» (Million Dollar Baby), 2004

Другая — пасля «Непрабачанага» — пара галоўных «Оскараў» за найлепшы фільм і рэжысуру. Пры ўсёй сентыментальнасці гісторыі маладой баксёркі (Хілары Суонк) і дасведчанага трэнера (сам Іствуд) у развязцы фільма ёсць паварот, які многае кажа пра асобу і погляды самога Іствуда. Перакананы кансерватар, чалавек правых поглядаў, ён у сваёй карціне аказваецца прыхільнікам цалкам непрымальнай для кансерватараў эўтаназіі.

 

«Сцягі нашых бацькоў» (Flags Of Our Fathers), «Лісты з Івадзімы» (Letters from Iwo Jima), 2006

Дылогія аб Другой сусветнай вайне. У цэнтры — адзін з самых страшных і кровапралітных эпізодаў Ціхаакіянскага фронту, баі за востраў Івадзіма ў 1945 годзе. Першы фільм распавядае гісторыю з пункту гледжання амерыканскіх салдат, другі — з пункту гледжання японцаў. Першы становіцца выкрыццём крывадушнай машыны дзяржавы, якая маніпулюе рэальнасцю для дасягнення прапагандысцкіх мэтаў. Другі — куды больш пранізлівы ў адлюстраванні страху, адчаю і бессэнсоўнасці вайны, тым больш, што погляд гэты — з боку японцаў, якіх дзесяцігоддзямі паказвалі бесчалавечна жорсткімі.

 

«Гран Тарына» (Gran Torino), 2008

Ветэран Карэйскай вайны, былы рабочы завода «Форд», які выйшаў на пенсію, Уолт Кавальскі (да моманту здымак Іствуду ўжо 77 гадоў) жыве ў населеным галоўным чынам выхадцамі з Азіі прыгарадзе Дэтройта. Засілле банд эмігрантаў яго жахліва раздражняе. Раздражняе тым больш, калі адзін з іх спрабуе скрасці яго скарб - аўтамабіль «Гран Тарына» 1972 года, у стварэнні якога Кавальскі браў удзел. Трансфармацыя лютасці і гневу ў паступовае разуменне і спачуванне — дзівосны працэс пераадолення стэрэатыпаў і зацвярджэння гуманізму і чалавечнасці.

 

Напярэдадні свайго 90-годдзя ў адным з інтэрв'ю Клінт Іствуд сказаў: «І ў гэтым веку я маю намер рухацца па жыцці далей. Я не хачу стаяць на месцы ці ісці назад. Ніколі не ведаеш, калі трэба будзе спыніцца. Я люблю тое, што я раблю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0