Уладзімір Каранік, фота Надзеі Бужан
Сусветны банк выдзеліў Беларусі на барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй 90 млн еўра. Дакументы бакі падпісалі анлайн, паведамляе Мінздароўя.
Ад беларускага боку подпіс у дакументах паставіў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Сродкі пойдуць на абсталяванне для рэанімацыйных аддзяленняў, закупку сродкаў абароны і інфармаванне беларускіх грамадзян, растлумачылі ў прэс-службе ведамства.
Пікантнасць сітуацыі ў тым, што Беларусь ці не адзіная краіна ў Еўропе, дзе Мінздароўя адмовілася ад брыфінгаў, дзе б інфармавала журналістаў пра сітуацыю з каранавірусам
Апошні раз брыфінг у Міністэрстве адбыўся 24 красавіка (у маі не было ўвогуле). Тады намесніца міністра Алена Богдан зачытала падрыхтаваную інфармацыю і адмовілася адказваць на пытанні карэспандэнтаў.
Апошняя прэс-канферэнцыя з удзелам міністра Уладзіміра Караніка адбылася 17 красавіка.
Што праўда, штодня Мінздароўя паведамляе звесткі пра хворых на каранавірус, але таксама ўжо больш за месяц не паведамляе звесткі па рэгіёнах.
У той жа Літве і Эстоніі даюцца падрабязныя звесткі па кожным раёне, улічваючы нават узроставую катэгорыю.





