Усяго 10 хвілін заняў збор грошай на выплату штрафу жыхару Мінска Яўгену Гормашу на Molamola.by.
Веласіпедыста Гормаша схапілі і асудзілі за тое, што ён крычаў «Ганьба!» і «Сорам!» на адрас супрацоўнікаў ДАІ — апошнія спынялі машыны, што сігналілі ў знак салідарнасці з людзьмі, якія стаялі ў чэргах, каб аддаць подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў.
Гормаша спачатку адбілі людзі на вуліцы, але пасля міліцыянты ўсё ж злавілі яго ў двары і аддалі пад суд, які выпісаў яму 1350 рублёў штрафу (гэта нашмат больш за сярэднямесячны заробак беларуса).
Тады Гормаш змясціў просьбу дапамагчы яму з выплатай гэтага штрафу на сайце Molamola.by.
«Дзіўна тое, што складзеныя на мяне пратаколы зусім не апісваюць гэты інцыдэнт з ДАІ. У іх ні слова пра ДАІшнікаў і канфлікт з імі. Склалі тры пратаколы: дробнае хуліганства, непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў, парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў», — напісаў Гормаш.
Вынік перавысіў яго чаканні. Суму яму назбіралі за 10 хвілін, а на гэты момант яму ўжо накідалі 2350 рублёў. Большасць людзей ахвяравала па 5—10 рублёў, усяго ён атрымаў дапамогу ад 230 чалавек.
Цікава, што краўдфандынгавую платформу Molamola.by стварыў Эдуард Бабарыка — сын банкіра і мецэната Віктара Бабарыкі, які цяпер узначальвае ініцыятыўную групу па яго вылучэнні ў прэзідэнты.
Гормаш абяцае перадаць рэшту грошай на дапамогу іншым рэпрэсаваным актывістам «Краіны для жыцця».





