«У гэты няпросты час ёсць рэзон трымаць эканоміку на ручным кіраванні, нават нягледзячы на рэкамендацыі і «рэцэпты» міжнародных фінансавых інстытутаў», — піша старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў дакладной запісцы «Аб рашэнні сістэмных праблем эканомікі» на адрас Аляксандра Лукашэнкі.
Дакумент, складзены 30 красавіка, апынуўся ў распараджэнні «Нашай Нівы». Ён быў дасланы ў тэлеграм-канал журналіста Арцёма Гарбацэвіча.
Наталля Качанава ўжо не ўзначальвае Адміністрацыю прэзідэнта, але па-ранейшаму застаецца адным з мазгавых цэнтраў улады.
Наталля Качанава, фота Надзеі Бужан
Чытайце таксама:
Якую ролю ў краіне выконвае Качанава, у чым яе промахі і за што яе палюбіў Лукашэнка?
Гісторыя жыцця Наталлі Качанавай: як валейбалістка з водаканала стала самай высокапастаўленай жанчынай Беларусі
Качанава робіць пяць прапановаў па тым, як палепшыць эканамічную сітуацыю.
1. Скараціць выдаткі бюджэту. Ідэя ў тым, каб будаваць інфраструктуру і сацыяльныя аб'екты з дапамогай прыватных інвестараў.
2. Абараніць унутраны рынак і прадухіліць неабгрунтаваны рост цэн. Качанава піша, што Мінгандлю мусіць кропкава стрымліваць рэнтабельнасць і абмяжоўваць гандлёвыя надбаўкі.
Апроч таго, трэба ўсяляк падтрымліваць айчынных вытворцаў — напрыклад, каб дзяржава пры закупках давала прэферэнцыі беларускім кампаніям. Качанава папярэджвае, што ўрад будзе супраць гэтай ідэі, баючыся, што Расія і іншыя краіны ЕАЭС будуць дзейнічаць люстэркава. Але, маўляў, Расія і так не пускае беларускія тавары, таму нічога страшнага, завочна спрачаецца з урадам Качанава
3. Трэба закупіць пабольш сыравіны на чорны дзень, каб гарантаваць харчовую бяспеку. Каб Белкаапсаюз скупляў лішкі ў насельніцтва, можна даць яму недарагія крэдыты.
4. Качанава заўважае, што банкі працуюць з гіганцкімі прыбыткамі, вышэйшымі, чым іншыя сферы. Таму яна прапануе, каб банкі куплялі акцыі прадпрыемстваў і фінансавалі інвестыцыйныя праекты.
5. Нарэшце, можна спісаць прадпрыемствам курсавыя розніцы. Даляр скача туды-сюды, і гэта б'е па фінансавай справаздачнасці кампаній, якія прыцягнулі замежныя крэдыты. Таму прапануецца дазволіць прадпрыемствам адлюстроўваць курсавыя розніцы, утвораныя ў 2020 годзе, ў справаздачнасці за наступныя перыяды.
Адметна, што перад тым як трапіць на стол Лукашэнку, даклад Качанавай мусіць атрымаць рэзалюцыю Дзяржкантролю. Яго старшыня Леанід Анфімаў даў сваю згоду 8 мая.





