Мінздароўя 21 мая прыняло загад №557 для ўдасканалення прынятых мер па сучаснай дыягностыцы і лячэнні пацыентаў з COVID-19. На сайце Міністэрства аховы здароўя сёння апублікаваны каментарый да дакумента.
Сярод іншага, загадам удакладненыя клініка-лабараторныя крытэрыі ўстанаўлення дыягназу COVID-19. Вызначаны групы пацыентаў, якія падлягаюць лабараторнаму абследаванню, апісаны парадак даследавання пры выпісцы і пераводзе.
Пацыентам з лёгкай і бессімптомнай формай COVID-19 тэставанне праводзіцца на 14-я суткі, і пры адмоўным выніку іх выпісваюць.
Калі ж у пацыента станоўчы вынік, то закрываць бальнічны ліст будуць на 21-ы дзень.
«У здаровага чалавека ў норме РНК каранавіруса вызначацца не павінна. Адпаведна, калі першасна выяўляецца пацыент (з праявай сімптомаў або без) з наяўнасцю РНК, то гэта сведчыць пра інфікаванне. Пры гэтым, як паказвае практыка, у вялікай колькасці пацыентаў рэшткі РНК-віруса пры ПЦР-дыягностыцы могуць выдзяляцца больш за месяц. Але досвед кітайскіх і іншых навукоўцаў паказвае, што гэта нежыццяздольны вірус, які не здольны інфікаваць кагосьці яшчэ.
Усе даследаванні паказваюць, што ўдалося вылучыць і атрымаць жыццяздольны вірус максімум праз 12 дзён ад моманту з’яўлення клінічных сімптомаў. Улічваючы, што бессімптомныя і лёгкія формы ў Беларусі тыпуюцца (многія краіны бессімптомныя формы наогул не лічаць), то паўстае пытанне аб тым, што наяўнасць РНК-віруса не сведчыць аб здольнасці заражаць», — патлумачылі прадстаўнікі ведамства.





