Каранавірус пацвердзіўся ў кіроўцы школьнага аўтобуса Калачоўскай сярэдняй школы ў Лагойскім раёне, піша «Еўрарадыё».
— 16 мая я павёз дзяцей на кансультацыю ў Лагойск, а 19-га ў мяне ўжо паднялася тэмпература. У суботу [23 мая] яшчэ раз адвёз дзяцей з вёскі Лагазы. Потым звярнуўся да доктара, мне зрабілі здымак лёгкіх, аказалася — запаленне. Сказалі, што калі тэмпература будзе павышацца, то выклікаць доктара, — расказвае Станіслаў Барткевіч. — Крыху пазней у мяне з'явілася высокая тэмпература — 39,2. Спрабаваў збіваць, але нічога не дапамагала. А ўжо ў пятніцу мне тэлефануюць і паведамляюць, што пацвердзіўся тэст на каранавірус. Ляжу ў бальніцы, самаадчуванне цяпер нармальнае, але прапаў апетыт.
Кіроўца кажа, што перад кожным выездам апрацоўваў аўтобус дэзынфікавальнымі сродкамі. Не дапамагло.
— Заразіўся я, хутчэй за ўсё, ад школьнікаў з Лагазы, калі іх перавозіў: у Лагазе цяпер вірус. Калі быў на прыёме ў доктара, то жанчыны расказвалі, што там уся вёска заражаная, — працягвае Станіслаў Казіміравіч.
Мы дазваніліся ў Гайненскі сельскі выканкам, да якога адносіцца вёска Лагаза.
Па словах старшыні Андрэя Свібовіча, сітуацыя папраўдзе напружаная.
— У Гайне ў нас сапраўды агмень. Каранавірус пацверджаны ў пяці чалавек, 15 чалавек знаходзяцца на самаізаляцыі. Плюс Лагаза — тое самае. Мы самі сядзім як на іголках, — расказвае Свібовіч. — Чаму так атрымалася? Наш інвестар — Мінскі трактарны завод. Бухгалтэрыя пастаянна ездзіла на трактарны завод, а там закрывалі нават цэлыя аддзелы на дэзынфекцыю, і таму, напэўна, нешта прывезлі і сюды. Кіраўнік наш, два аграномы, майстар лесу з Краснасельскага лясніцтва, кіроўца аўтобуса — усе яны ляжаць у бальніцы. Механізатара адпраўляюць на самаізаляцыю…





