Фота Babariko.by.

Фота Babariko.by.

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі банкір і мецэнат Віктар Бабарыка даў інтэрв'ю расійскаму выданню «Коммерсант». Прапануем вашай увазе яго асноўныя пункты.

Палітычна матываваныя арышты, затрыманне Ціханоўскага

Гэта прамое парушэнне заканадаўства. Відавочная правакацыя. Прымяненне на такой стадыі досыць правакатыўных і жорсткіх мер сведчыць аб адназначнай слабасці і неразуменні ўладай сённяшняй сітуацыі. Гэта як паводзіны ў рамках пандэміі COVID-19. Неадэкватнасць дзеянняў уладаў навідавоку.

Аб палітычнай сітуацыі

Беларусы стаміліся ад той сітуацыі, у якой яны знаходзяцца. Беларусы абразіліся тым, што ўлада ў рамках сваёй рэакцыі на досыць сур'ёзную пагрозу цалкам занядбала інтарэсы народу і не спрыяла абароне народу ў сітуацыі з пандэміяй. Ну і самае галоўнае: людзі раптам зразумелі, што яны не народзец, як іх называлі, а народ. І гэта ўжо наўрад ці спыніць.

60% [людзей] катэгарычна не задаволеныя існуючым становішчам.

Сітуацыя ў эканоміцы

У краіне глыбокі кіраўнічы крызіс. Беларусі насамрэч не вельмі шмат трэба, каб выправіцца. Прапановы, якія рабіў той жа Саўмін, наш урад, — я іх бачыў, яны працэнтаў на восемдзесят талковыя. З гэтага не прынята нічога практычна! Але менавіта кіраўнічы крызіс, не вытлумачальная нічым пазіцыя, што «калі я захачу, то пойдуць дажджы, будзе засуха ці яшчэ нешта», вось гэта з'яўляецца ключавым пунктам сённяшняй сітуацыі.

Словы Лукашэнкі, што «майдану» не будзе

Мы таксама перакананыя ў тым, што «майданаў» не будзе. Чаму? Таму што разлічваем атрымаць электаральную большасць, а электаральнай большасці практычна немагчыма супраціўляцца. Калі пратэстнае галасаванне супраць улады большае за 50%, відавочна, што нават «майданаў» не трэба. Іншая справа, калі будзе 30—40% у аднаго боку і ў другога — вось гэта ўжо блізка да нейкага «майдану».

За 26 гадоў нікому не ўдавалася дамагчыся пераменаў. Што змянілася цяпер?

Нічога не бывае вечным, гэта раз. Па-другое, апошняй кропляй, якая пераламала электаральную большасць… іх дзве. Першая — імклівае падпісанне ў канцы мінулага года дакументаў па інтэграцыі [з Расіяй]. Яно рыхтавалася ўпотай ад усіх і несла ў сабе агульнае адчуванне страты суверэнітэту. Другая — паводзіны ў рамках пандэміі.

Гэта дзве, з майго пункту гледжання, вельмі сур'ёзныя памылкі, якія дапусцілі. І іх ужо не выправіць, ва ўсякім выпадку не выправіць дзеючай уладзе.

А калі ЦВК не зарэгіструе?

Мы нядрэнна прашарсцілі варыянты, па якіх бракаваліся подпісы, нядрэнна арганізавалі працэс збору гэтых подпісаў. З пададзенага намі на першым этапе спісу ў 10 тысяч сябраў маёй ініцыятыўнай групы забракавана было толькі два чалавекі. Гэта дастатковая падстава думаць, што ў нас працэс верыфікацыі пабудаваны вельмі нядрэнна. Мы ўсё фіксуем у дакументах, і ЦВК павінен будзе падаць даныя, па якіх ён не згодны з намі. Мы пакажам фатакопіі дакументаў, і нічога ўнесці ў прадстаўленыя спісы ў ЦВК не будзе магчымасці.

Не ўсе беларускія палітыкі лічаць, што гульня будзе сумленнай

Беларускія палітыкі 26 гадоў змагаюцца метадамі, якія яны лічаць правільнымі. Я іх вельмі паважаю, але вынік пакуль не бачны. Давайце паглядзім на нашы метады правядзення выбараў.

Гэта нейкія сакрэтныя метады?

Не. Проста заканадаўства пісалася ў 90-я гады, а сучасныя тэхналогіі па ідэнтыфікацыі, па празрыстасці сышлі наперад. Ніколі ў жыцці за 26 гадоў ніхто не збіраў за тыдзень 10 тыс. чалавек у ініцыятыўную групу [з дапамогай новых тэхналогій. Так і празрыстасці ўдасца дабіцца з дапамогай новых тэхналогій.].

Тры прычыны, чаму Аляксандр Лукашэнка больш не павінен быць прэзідэнтам

Я адразу ўспамінаю дыялог, па-мойму, Напалеона са сваімі генераламі: «Чаму мы прайгралі бітву? Па-першае, не было снарадаў…». Далей можна не працягваць. Так і тут. Таму што эканоміка знаходзіцца ў перадсмяротным стане, пасля гэтага можна не працягваць. Палітыка — канцэнтраванае выражэнне эканомікі. Ёсць дакладнае разуменне, што менавіта эканоміка вызначае зараз магчымасць захаваць суверэнітэт Беларусі.

Суверэнітэт

Першае — любая інтэграцыя не павінна закранаць суверэнітэт краін, а калі ён будзе закрануты, то ў роўнай ступені для ўсіх удзельнікаў. І другая гісторыя — ён [інтэграцыйны працэс] павінен быць эканамічна мэтазгодным для абодвух бакоў або для шматбаковага супрацоўніцтва.

Відавочна, што Расея — шматвяковы партнёр, а эканоміка не аўтамабіль, які можна разгарнуць на хаду міліцэйскім разваротам і паехаць у адваротны бок. Так не бывае. Безумоўна, трэба выбудоўваць, напэўна, карэктаваць адносіны, калі яны эканамічна для Беларусі нявыгадныя і ставяць Беларусь у залежнасць. У партнёрстве не павінна быць залежнасці. Вось асноўны пасыл любой інтэграцыі.

Адносіны з ЕС і НАТА

— Тое, што я сказаў, я магу прымяніць да любога саюза — да ЕС ці яшчэ да якогасьці: узаемавыгаднасць і захаванне суверэнітэту. Цяпер, што тычыцца ваенных блокаў. Беларусь уваходзіць у АДКБ, і зразумела, што існуе куча міжнародных пагадненняў, з якіх у адзін дзень не выйдзеш. Мая пазіцыя ў адносінах да Беларусі: можа, не ўдасца гэта зрабіць пасля перамогі на працягу аднаго або двух тэрмінаў, але

я б вельмі хацеў бачыць Беларусь нейтральнай краінай.

«Наўрад ці ўзрадуецца гэтаму Масква», — парыраваў журналіст.

— Вы ведаеце, гэта ўсё залежыць ад таго, як пазіцыянаваць нейтралітэт. Наяўнасць нейтральнай Швейцарыі, якая захоўвала ўсё самае каштоўнае на той момант, было зручна ўсім дзяржавам. Цяпер наяўнасць абсалютна нейтральнай краіны, якая захоўвае іншы каштоўны рэсурс — інфармацыю, мне здаецца таксама цалкам прывабнай ідэяй. Над ёй трэба працаваць.

Беларусь — гэта памежная гісторыя, мы ўсё жыццё знаходзіліся паміж двума інтарэсамі, усё жыццё неяк знаходзілі варыянты кампрамісу. Спадзяюся, што і цяпер гэтую пазіцыю будзем умацоўваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0