На Зямлі адбываецца шостае ў гісторыі планеты масавае выміранне біялагічных відаў, маштабы якога можна параўнаць толькі з гібеллю дыназаўраў, сказана ў даследаванні мексіканскіх і амерыканскіх навукоўцаў, піша bbc.com.

Эксперты высветлілі, што лёс 515 відаў сысуноў, птушак, рэптылій і паўзуноў вісіць на валаску. У дзікай прыродзе захавалася менш за тысячу асобін кожнага з іх.

Першае масавае выміранне відаў адбылося каля 540 млн гадоў таму, апошняе, пятае, — 66 млн гадоў таму, калі, згодна з самай аўтарытэтнай тэорыяй, падзенне астэроіда выклікала гібель дыназаўраў.

Але калі дагістарычныя крызісы біясферы былі выкліканыя прыроднымі катастрофамі, то цяперашні ў асноўным абумоўлены дзейнасцю чалавека, перш за ўсё высяканнем лясоў і браканьерствам.

«Мы ўвайшлі ў фазу шостага масавага вымірання, — сказаў Бі-бі-сі адзін з аўтараў даследавання, прафесар Нацыянальнага універсітэта Мексікі Херарда Себальос. — Як паказваюць нашы даследаванні і назіранні, гэта настолькі сур'ёзны крызіс, што нашы дзеянні ў найбліжэйшыя 10-50 гадоў вызначаць будучыню чалавецтва».

Ён і яшчэ два біёлагі, прафесар Пол Эрліх з амерыканскага Стэнфардскага ўніверсітэта і доктар Пітэр Рэйвен з Батанічнага саду Місуры ў Сэнт-Луісе, абагульнілі звесткі Міжнароднага саюза аховы прыроды і Фонду «Жыццё птушак» (Birdlife). Вынікі даследавання апублікаваныя ў амерыканскім часопісе «Нататкі Нацыянальнай акадэміі навук» (Proceedings of the National Academy of Sciences).

Навукоўцы лічаць, што тэмпы знікнення відаў фауны перавышаюць натуральныя прыкладна ў сто разоў. Выміраючыя віды ёсць на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды, але больш за ўсё — у тропіках і субтропіках.

Пад пагрозай, сярод іншых, аказаліся малпа залацісты тамарын з бразільскіх джунгляў, эфіёпскі шакал (каберу), гангскі гавіял (кракадзіл, які жыве ў Індыі і некаторых суседніх з ёй краінах), яванскі насарог, іспанскі магільнік (птушка сямейства ястрабіных) і амерыканскі жаўтавухі папугай.

Навукоўцы лічаць заняпад біялагічнай разнастайнасці такой жа сур'ёзнай пагрозай асновам чалавечай цывілізацыі, як змены клімату і забруджванне навакольнага асяроддзя, прычым гэтыя з'явы звязаныя.

Яны называюць захаванне выміраючых відаў маральным абавязкам чалавецтва.

Прафесар Крыс Джонсан з Універсітэта Тасманіі лічыць, што падобнага на Зямлі не было з часоў вымірання дыназаўраў 66 млн гадоў таму. І прадказвае, што тыя 515 відаў, якія прадстаўлены ў прыродзе менш чым тысячай асобін, неўзабаве знікнуць.

«Даследаванне паказвае жахлівы маштаб і тэмп, з якімі мы знішчаем жыццё», — заявіў прафесар Іэн Рычы з Універсітэта Дзікіна ў Аўстраліі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0