Пажар у вёсцы Іванава Слабада Лельчыцкага раёна здарыўся напярэдадні. Спачатку загарэўся хлеў, затым полымя перакінулася на жылы дом, у якім у той момант знаходзіліся дзеці. Калі б не мясцовы ляснік Сяргей Рогаў, то ўсё магло скончыцца трагедыяй, піша Tut.by.

Сяргей распавядае, што з калегамі знаходзіўся ў канторы лясгаса, калі ўбачыў дым. За 150 метраў гарэў хлеў, і агонь ужо перакінуўся на дом. Сяргей з калегамі кінуліся да месца пажару.

— Мы прыбеглі, а каля дома дзверы гараць. Глядзім у акно — нібыта нікога. Потым Саша Варабей выбіў локцем шкло, зазірнулі, а там, аказваецца, двое хлопчыкаў гадоў 5 і 8 у адных майтках і маечках ціхенька сядзяць у заднім пакоі.

Мужчына залез у пакой праз акно, перадаў хлапчукоў таварышу, а сам вярнуўся — раптам, кажа, яшчэ дзеці засталіся.

— Прабегся па хаце, у задні пакой, ён ужо гарэў, зайшоў — нікога. Ну і ўсё. Потым МНС прыехалі, а мы пайшлі працаваць, — будзённа распавядае ён.

Сяргею 45 гадоў, усё жыццё жыве ў Іванавай Слабадзе, працуе ў мясцовым лясніцтве Мілашэвіцкага лясгаса. Свой учынак чымсьці асаблівым не лічыць. «Ну калі б не я, дык хто іншы выратаваў бы», — упэўнена кажа ён і катэгарычна адмаўляецца даваць сваё фота для публікацыі.

Сям'я, у хаце якой здарыўся пажар, прыехала ў вёску пару гадоў таму. Маці малых выхоўвае адна. Калі ўсё здарылася, жанчыны дома не было. Сярод магчымых прычын пажару ў МНС назвалі неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?