У Сяргея Ціханоўскага ў доме праходзіць ператрус, паведамляе Twitter «Краіна для жыцця».

Паведамляецца, што на ператрус прыехала 8 машын, 2 з іх было без нумароў. Паведамляецца пра тое, што ў гомельскай студыі блогера таксама прайшоў ператрус.

Як удакладніла Tut.by жонка блогера Святлана, ператрус праходзіць на сямейнай дачы, куды Сяргей Ціханоўскі часта прыязджаў адпачыць. Сёння раніцай маме блогера, якая цяпер знаходзіцца са Святланай ў Мінску, патэлефанавалі следчыя і папрасілі прыехаць на дачу, якая знаходзіцца за тры дзясяткі кіламетраў ад Гомеля.

— Мама патлумачыла, што яна ў Мінску. Яны сказалі, што, калі не прыедзе, выдадуць пастанову на ўзлом дзвярэй. Я ім сказала, каб прыехалі па яе, навошта ж дзверы ламаць. За мамай прыехала дзяўчына-следчая і кіроўца, забралі яе на дачу. Там цяпер і адбываецца ператрус. У мамы сэрца хворае, нашы сябры прыехалі яе туды падтрымаць. Сяргей на дачы праводзіў шмат часу: адпачываў, на прыроду ездзіў, — распавядае Святлана.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

Падчас мінулых выбарчых кампаній ператрусаў у прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта не бывала. У гэтым сэнсе сёлетняя кампанія беспрэцэдэнтная.

Святлана Ціханоўская, настаўніца, якая цяпер сядзіць дома з малымі дзецьмі, падала дакументы на рэгістрацыю, каб стаць кандыдаткай у прэзідэнты, пасля таго, як яе мужа арыштавалі на 15 сутак перад абвяшчэннем прэзідэнцкіх выбараў, каб не даць яму магчымасці балатавацца.

Сяргей Ціханоўскі — адзін з самых папулярных у краіне відэаблогераў. Ён заклікае да вулічных акцый пратэсту супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. 

29 мая Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў Гродне. Але правакацыя, якая папярэднічала затрыманню, трапіла на відэа, і за ноч карыстальнікі інтэрнэту ідэнтыфікавалі жанчыну, якая адыграла ў ёй цэнтральную ролю.

Чытайце таксама: «Прыемная дзяўчына пышных форм». Ідэнтыфікавалі правакатарку з сустрэчы з Ціханоўскім

Нягледзячы на яго затрыманне, у суботу і нядзелю людзі масава стаялі ў чэргах, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую. Гэта здарылася ў Мінску, Брэсце, Гомелі, Гродне, Віцебску, Магілёве, Жодзіне, Лідзе, Маладзечне, Стоўбцах, Глыбокім, іншых гарадах.

Людзі ў чэргах былі настроеныя радыкальна. «Колькі можна? Колькі ўжо можна? Вось чаму я тут!» — адказала карэспандэнту «Нашай Нівы» жанчына ў чарзе да пункта збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую ў Мінску. Яна сказала, што збіраецца «паставіць подпіс і за Бабарыку, і за Цапкалу. Хто заўгодна, толькі не ён [Аляксандр Лукашэнка]».

Затрыманне Сяргея Ціханоўскага дало таксама імпульс аб'яднанню альтэрнатыўных кандыдатаў.

Валерый Цапкала з жонкай публічна аддалі свае подпісы Святлане Ціханоўскай.

Папулярны лідар хрысціянскіх дэмакратаў Павел Севярынец заклікаў людзей па ўсёй краіне ў нядзелю а 12-й гадзіне збірацца на пікетах па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую.

А банкір і мецэнат Віктар Бабарыка, які, паводле звестак інтэрнэт-апытанняў, вырваўся ў лідары прэзідэнцкай кампаніі, назваў затрыманне Ціханоўскага «незаконным» і паабяцаў юрыдычную і фінансавую падтрымку ўсім, каго зачэпяць рэпрэсіі ці на каго будуць ціснуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0