У рэдакцыю часопіса MSPRING.ONLINE даслалі асаблівыя дакументы. Гэта заявы двух жыхароў аднаго з інтэрнатаў [адрас ёсць у рэдакцыі] Магілёва — Гарбузавай А.М. і Нікіцёнка А.У., — паводле якіх яны вырашылі адклікаць свае подпісы за дзейнага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнку.
Паводле абодвух, у працоўны час 26 траўня ў жыллё кожнага з іх заявіліся работнікі інтэрната з патрабаваннем паставіць подпіс за вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі.
Па словах А. Гарбузовай, подпісы збірала вахцёр і загадчыца інтэрната. Жанчына падпісалася за Лукашэнку, баючыся, што яе могуць выселіць з жытла раней за гэты тэрмін.
«Мне прыйшлося падпісацца. Я маці траіх дзяцей, атрымала кватэру, але пакуль пераехаць у яе не магу, бо там вядуцца рамонтныя работы», — тлумачыць Гарбузова.
Яна шкадуе пра свой учынак і вырашыла адклікаць свой подпіс за Лукашэнку, паколькі «уся сям’я хоча жыць у цывілізаванай і нармальнай краіне, у якой улада не мае права прыгнятаць свой народ».
Падобная сітуацыя ўзнікла ў іншага жыхара інтэрната — Аляксея Н.
«… Прыйшла вахцёр і патрабавала паставіць подпіс за А.Г. Лукашэнку. У вымушаным парадку я павінен [быў] падпісацца. Я раскайваюся ў сваім учынку і прашу адклікаць свой подпіс за дадзенага кандыдата», — растлумачыў у заяве мужчына.
Свае заявы гараджане накіравалі 2 чэрвеня ў камісію па выбарах прэзідэнта Ленінскага раёна Магілёва.