Пасля вобшукаў на лецішчы блогера Сяргея Ціханоўскага міліцыя апублікавала відэа. На ім відаць сур’ёзны стос даляраў, які ляжыць на стале. Пры гэтым міліцыянты размаўляюць з нейкай жанчынай, меркавана — мамай блогера Соф’яй Яфрэмаўнай.
Міліцыя пытаецца: «Вашыя грошы?» Жанчына адказвае: «Мае». І тлумачыць: «Зараблялі. І я зарабляла, і сын зарабляў».
«Наша Ніва» звязалася з мамай Ціханоўскага. Соф’я Яфрэмаўна пацвердзіла — на відэа яна.
«Разумееце, я была ў шокавым стане. Я не ела, не піла, не спала… А гэта ўсё адбывалася позна ноччу, праверкі ішлі цэлы дзень. Плюс у мяне хворае сэрца і я сябе вельмі кепска адчувала, — кажа 69-гадовая жанчына.
— А калі яны пачалі пытацца, ці мае грошы, я адказала, што мае, па адной прычыне — я не ўяўляла, якія там грошы! Мне спачатку паказалі трохі, а пасля дасталі невядома колькі! Я была проста ў шокавым стане, разумееце?»
На відэа ўсё ж відаць, што на стале ляжыць вялікая сума.
«Але ж я не ўяўляла колькі там! У тым стане я не разумела нічога. Тую суму, якую яны назвалі — 900 тысяч даляраў — я бачыла, можа, толькі па тэлевізары», — запэўнівае Соф’я Яфрэмаўна.





