Захворванне на COVID-19 пайшло на спад у Мінску, Мінскай і Віцебскай абласцях, паведаміла журналістам намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан, перадае БелТА.
Фота Надзеі Бужан.
«Рэгіёны па-рознаму ўступалі ў гэты працэс. Пачыналася з Віцебска, потым далучыліся Мінск і Мінская вобласць, затым Брэсцкая і практычна паралельна з ёй Гродзенская, трошкі з адставаннем — Гомельская вобласць. Найменшыя паказчыкі мы сёння бачым у Магілёўскай вобласці», — сказала Алена Богдан.
«У маштабах рэспублікі фактычна перахварэлі і пайшлі на зніжэнне рэгіёны, у якіх вялікая колькасць насельніцтва, — гэта Мінск і Мінская вобласць. Плюс Віцебская вобласць. Гэта значыць фактычна 40-45% насельніцтва рэспублікі гэты этап прайшлі», — адзначыла намесніца міністра. З паляпшэннем сітуацыі ў Брэсцкай вобласці можна будзе казаць пра амаль 60% насельніцтва краіны. Зараз гэты рэгіён знаходзіцца на так званым плато. «Яшчэ нейкі час яна будзе знаходзіцца на гэтым узроўні, потым захворванне пойдзе ўніз і некалькі наступных тыдняў будзе трымацца на ўзроўні, які на 30%, а можа быць, і 50% ніжэйшы за сённяшні», — адзначыла Алена Богдан.





