Фота Радыё Свабода.

Фота Радыё Свабода.

У Магілёве — яшчэ адна рэпрэсіраваная па «кейсе Ціханоўскага». 5 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна суддзя Наталля Крашкіна прыйшла да высновы, што магіляўчанка Вольга Лобан вінаватая ў парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах, паведамляе Магілёўская вясна.

Паводле рапарту міліцыі, Лобан «з 17:30 да 19:30 узяла ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу» на Віцебскім праспекце 5 мая.

Нагадаем, у гэты дзень у Магілёў прыбыла каманда Youtube-канала «Краіна для жыцця» блогера Сяргея Ціханоўскага. На Віцебскім праспекце міліцыя паспрабавала затрымаць некаторых удзельнікаў каманды, а таксама шукала самога Ціханоўскага.

Магілёўцы змаглі адбіць у супрацоўнікаў МУС членаў «Краіны для жыцця», аднак адразу пасля гэтага міліцыя «адпомсціла» — завяла два дзясяткі спраў аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да розных людзей. Сярод іх — і Вольга Лобан.

Жанчына выхоўвае двух непаўналетніх дзяцей. Акрамя таго, у яе ёсць праблемы са здароўем — лекары прысвоілі ёй трэцюю групу інваліднасці па зроку.

На судзе 5 чэрвеня Лобан пацвердзіла, што знаходзілася на Віцебскім праспекце ў пазначаны дзень, аднак сваю віну ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу яна не прызнала.

Адзінае, што міліцыя змагла прывесці ў якасці доказу яе віны падчас адміністрацыйнага працэсу — гэта кадр з відэастрыма.

Суддзя Наталля Крашкіна ўстала на бок міліцыі і ў якасці пакарання прызначыла Вользе Лобан штраф 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0