Па інфармацыі праваабаронцаў, па стане на 5 чэрвеня, 12 сябраў ініцыятыўнай групы вылучэнкі ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай падвергліся пераследу, затрыманням і адміністрацыйнаму пакаранню.
Сярод 9 затрыманых ў межах крымінальнай справы за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК РБ) — кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі, а таксама сябры ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Арцём Сакаў.
На розны час затрымліваліся яшчэ некалькі чалавек, двое з іх арыштаваныя на тэрмін 15 сутак: Артур Сінега (з Наваполацку) і валанцёр каманды Андрэй Зуеў.
Праваабаронцы склалі спіс сябраў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, якіх затрымлівалі альбо судзілі ў адміністрацыйным парадку:
- Уладзімір Мароз (Кобрын) — затрымліваўся;
- Валерый Рамановіч (Пінск) — затрымліваўся;
- Аляксандр Мілюк (Масты) — затрымліваўся;
- Максім Кавалевіч (Бяроза) — затрымліваўся;
- Кацярына Таланкова (Магілёў) — затрымлівалася;
- Артур Сінега (Наваполацк) — арышт 15 сутак;
- Вольга Каракіна (Гродна) — затрымлівалася;
- Уладзімір Кніга (Гродна) — затрымліваўся.
Былі затрыманыя таксама некалькі дзясяткаў валанцёраў каманды Ціханоўскай і прыхільнікаў затрыманага блогера.





