У Беларусі завяршыўся тэставы этап стварэння сеткі электразаправачных станцый, калі зарадзіць электрамабіль можна было бясплатна. У ліпені «Беларуснафта» уводзіць тарыфы на зарадку на сваіх станцыях Malanka. Як запэўнілі Tut.by у кампаніі, кошт электраэнергіі будзе самым нізкім у параўнанні з еўрапейскімі краінамі — прыкладна 30-40 капеек за 1 кВт·гадз.

З 15 чэрвеня да 31 снежня 2025 года пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі электрамабіляў для асабістага карыстання не трэба будзе плаціць падатак на даданую вартасць.

«Зарадка электрамабіляў была бясплатнай ад 2014 года, пакуль мы працавалі ў тэставым рэжыме, — нагадаў намеснік дырэктара «Беларуснафты» Андрэй Коцік. — Пачатковы этап мы завершылі: Malanka працуе ва ўсіх рэгіёнах, на ўсіх магістралях. Абсталявана больш за 260 станцый, што дастаткова для абслугоўвання тысяч электрамабіляў. І лагічна пераходзім да наступнага этапа — эканамічна абгрунтаванага развіцця. Нават фірменныя станцыі Tesla, якія ў перыяд станаўлення былі бясплатныя, цяпер робяць паслугу за грошы».

Па словах прадстаўніка «Беларуснафты», электрапаліва будзе ўдвая таннейшае за бензін. Так, поўная зарадка электракара Nissan Leaf з ёмістасцю батарэі 24 кВт/г абыдзецца ўладальніку ў 7-9 рублёў. Гэтага запасу хопіць, каб праехаць 150 кіламетраў. Аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання выдаткуе на пераадоленне такой жа адлегласці каля 10 літраў паліва (18-20 рублёў).

Невысокую цану, як лічыць Андрэй Коцік, можна будзе трымаць дзякуючы электраэнергіі з БелАЭС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0