На адным з прадпрыемстваў нібыта пагражалі нявыплатай заробку за адмову ставіць подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата. Пра гэта заявіла сёння журналістам старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, перадае БелТА.

Фота БелТА

Фота БелТА

«У Цэнтральную камісію па фактах звальнення не звярталіся. Тым не менш мы днямі атрымалі ананімную заяву, яна тычылася альтэрнатыўнага кандыдата. Работнікі прыватнага прадпрыемства сказалі, што сябра ініцыятыўнай групы, яна ж галоўны бухгалтар і жонка ўладальніка прадпрыемства, адназначна заявіла, што калі подпісы не будуць пастаўлены, то яны не атрымаюць заробак», — паведаміла Лідзія Ярмошына.

Нагадаем, сёння Лукашэнка заявіў аб звальненні людзей у прыватных кампаніях. «Апошнім часам, упэўнены, і вам гэтак жа, як і мне, паступаюць скаргі ад людзей па ходзе так званай гэтай выбарчай кампаніі. Што мяне абурае асабліва — у Мінску, іншых гарадах (гэта характэрна для гарадоў) прыватныя кампаніі звальняюць людзей. Прытым, баюся сказаць масава, але досыць шмат. Я наконт гэтага адпаведную заяву ўжо рабіў. Мала таго, звальняюць людзей — тых, хто не аддаў подпіс за альтэрнатыўных так званых кандыдатаў: ты там за Пятрова, Сідарава не распісаўся — сыходзь», — адзначыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0