Пасля арышту відэаблогера Сяргея Ціханоўскага 29 траўня ў Горадні па ўсёй краіне пачаліся затрыманні ягоных прыхільнікаў. У ноч на 4 чэрвеня ў дом да фермера Аляксанра Вянгуры, пра якога здымаў сюжэт Ціханоўскі, уварваліся міліцыянты і людзі ў цывільным, агулам 18 чалавек.
«Тэрор быў страшны! Наляцелі 18 міліцыянтаў, але ўсе ў цывільным, увесь дом — і мой, і маці — паставілі дагары нагамі», — узгадваў Аляксандар Вянгура ў размове са «Свабодай».
У другой палове дня 5 чэрвеня фермера таксама затрымалі. Ён пайшоў у аддзяленне міліцыі, каб забраць канфіскаваны падчас ператрусу ноўтбук. На наступны ж дзень яго асудзілі на 15 сутак.
Як аказалася, падчас начнога ператрусу маці фермера, Тамары Фёдараўне, зламалі пальцы рукі, гэта яна пацвердзіла Радыё Свабода. Яна хадзіла на экспертызу, падала заяву ў міліцыю.
«Я ўжо баюся хоць нешта казаць, каб Сашу [сыну] не зрабілі горш! Хоць бы ён выйшаў з турмы… Мы раней верылі ў нешта — піянераў, камсамол… А сёння каму верыць?! Вакол сваволя і страх! У мяне душа разрываецца на кавалкі — як там Саша, што з ім?!» — зазначыла Тамара Фёдараўна.
Яна дадала, што ў тую ноч у яе начавала ўнучка, а невядомыя бегалі па хаце і шукалі некага [паплечніка Ціханоўскага, Дзяніса Папова]. Яны ўварваліся ў адзін з пакояў, дзе спала ўнучка, і наставілі на яе пісталет. Цяпер дзяўчынка моцна зляканая.
«Ёсць скарга Тамары Фёдараўны, цяпер з гэтым разбіраецца Следчы камітэт, матэрыялы праверкі ў іх. Што датычыць пагрозы прымянення зброі супраць непаўналетняй — такога не было, гэта не адпавядае рэчаіснасці. Ніякіх неправамерных дзеянняў супрацоўнікі не рабілі», — пракаментаваў «Нашай Ніве» здарэнне прадстаўнік МУС па Гомельскай вобласці Віталь Прыстромаў.