У Ліцэі БДУ падвялі вынікі прыёмнай кампаніі. Агульны конкурс склаў 6,6 чалавека на месца. Найбольшая колькасць дакументаў прынята ў біялагічныя класы — 286. Конкурс тут склаў 6,5 чалавека на месца, піша «Звязда».

У матэматычны клас зарэгістраваліся 217 абітурыентаў (конкурс — 9,9 чалавека на месца), фізічны — 208 (конкурс — 9,5), гуманітарны — 198 (конкурс — 9), інфарматыка-матэматычны — 165 (конкурс — 7,5), хімічны — 119 (конкурс — 5,4), гісторыка-грамадазнаўчы — 90 (конкурс — 4,1), філалагічны — 69 (конкурс — 3,1).

У гэтым годзе ўпершыню праводзіўся набор па трох новых профілях навучання: эканамічным, інфарматыка-фізічным і лінгвістычным. Першы арыентаваны на вывучэнне матэматыкі і англійскай мовы, другі — на фізіку і інфарматыку, трэці — на гісторыю Беларусі і англійскую мову. У гэтыя класы конкурс склаў адпаведна 8,7, 4,9 і 3,9 чалавека на месца.

Залічэнне ў ліцэйскія класы ажыццяўлялася па выніках двух пісьмовых уступных выпрабаванняў. Пры паступленнi на гуманітарны профіль неабходна было набраць 151 бал, біялагічны — 138, гісторыка-грамадазнаўчы — 120, філалагічны — 105, матэматычны — 104, хімічны — 96, лінгвістычны — 92, матэматычны — 87, хімічны — 84, інфарматыка-матэматычны — 75, інфарматыка-фізічны — 69, фізічны — 61.

Усяго ў Ліцэй БДУ ў 10-я класы былі прынятыя 264 навучэнцы, з іх сфарміраваныя 12 класаў па 22 чалавекі. Сярод будучых ліцэістаў 73% складаюць жыхары сталіцы і 27% — прадстаўнікі з усіх абласцей Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0