Здарэнне адбылося ў вёсцы Мілашкі, там 13 чэрвеня згубілася 3-гадовая дзяўчынка, паведамляе kraj.by.

Афіцыйны прадстаўнік Віцебскага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Вольга Шкуратава распавядае:

— Сям'я дзяўчынкі жыве ў Мінскай вобласці. У Мілашкі яны ўсе разам прыехалі на дачу. 13 чэрвеня прыблізна ў 12.00 дзяўчынка выйшла са свайго двара, пайшла нібыта да суседкі і прапала. Спачатку на працягу гадзіны сваякі шукалі дзіця самастойна, потым звярнуліся ў міліцыю. Да пошукаў падключыліся ратавальнікі, нашы супрацоўнікі, памежнікі, а таксама мясцовыя жыхары.

На ўскраіне Мілашак жыве Святлана Капыток. Пра знікненне дзяўчынкі жанчына даведалася ад свайго сына. Яна села на ровар і паехала ў бок лесу на пошукі дзіцяці.

— Па нейкіх слядах, па прыкамечанай траве Святлана ехала ў тым напрамку, у якім, як мяркуецца, сышла дзяўчынка, — распавядае Вольга Шкуратава, — і ў выніку знайшла яе, заплаканую, у лесе. Каля 14.30 нам паступіла паведамленне, што дзіця знойдзена. З дзяўчынкай усё добра. Высветлілася, што ад свайго дома яна за дзве з паловай гадзіны прайшла каля 5 кіламетраў. Міліцыя збіраецца заахвоціць Святлану Капыток за адказнасць і неабыякавасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0