Каля 50 тысяч чалавек пратэставалі ў цэнтры Тбілісі ў чацвер з патрабаваннем адстаўкі прэзідэнта Саакашвілі.Расійскія СМІ, непрыхільныя да цяперашняга кіраўніка Грузіі, называлі, аднак, утрая большую лічбу маніфестантаў.
Гэта ўжо другія вялікія пратэсты ў Грузіі. Пасля разгону дэманстрацый у лістападзе 2007 году Саакашвілі прызначыў датэрміновыя прэзідэнцкія выбары і выйграў іх з 53% галасоў. Кандыдат ад аб’яднанай апазіцыі тады стаў другім з 25%.
Паводле апытання, замоўленага амерыканскім фондам IRI, гэтая прапорцыя не змянілася за год, нягледзячы на вайну ў Асеціі. Сёння
52% грузінаў лічаць, што краіне перадусім патрэбная з’яднанасць і працяг ранейшага курсу, і толькі 28% выказаліся за адстаўку Саакашвілі.
Грузінскі прэзідэнт абапіраецца на моцную падтрымку ў рэгіёнах, тады як у Тбілісі дамінуюць апазіцыйныя настроі.
Саакашвілі правёў радыкальныя рэформы дзяржаапарату і гаспадарчай сістэмы, выкараніў карупцыю ў сілавых структурах, але ўцягнуўся ў вайну з Расіяй, у выніку якой была падарваная абароназдольнасць грузінскай арміі.
Апазіцыя таксама вінаваціць яго ў дыктатарскіх замашках. Варта адзначыць, што
выбары ў Грузіі застаюцца свабоднымі і канкурэнтнымі, у парламенце прадстаўленая апазіцыя, а рэпартаж з апазіцыйнага мітынгу ішоў у жывым эфіры на некалькіх тэлеканалах.
Як і ў іншых паўднёвых краінах, Малдова прыкладам, грузінская палітыка вылучаецца тэмпераментнасцю. Гэтак, экс‑кандыдат у прэзідэнты на ўчарашнім мітынгу назваў Саакашвілі «юдам» — выраз, немагчымы ў лексіконе дэбатаў у заходняй палітычнай культуры.
Мітынгі маюць працягвацца ў пятніцу і на выхадных. На чале стракатай апазіцыйнай кааліцыі стаяць Ніно Бурджанадзэ, былая паплечніца Саакашвілі, цесна звязаная з часткай буйнога грузінскага бізнэсу, Іраклі Аласанія — харызматычны дыпламат і Саламэ Зурабішвілі, рэпатрыянтка з Францыі, што працяглы час узначальвала МЗС краіны. Асобнымі калонамі з розных раёнаў сталіцы пратэстоўцы кіравалася да будынку парламенту ў цэнтры.
Пратэсты распачаліся 9 красавіка — у дзень памяці і смутку ахвяраў змагання за незалежнасць, забітых савецкімі вайскоўцамі ў 1989 годзе.І Саакашвілі, і апазіцыя падзяляюць адны і тыя самыя замежнапалітычныя прыярытэты.