Зварот Уладзіслаў Бельмач, вядомы як рэп-выканаўца Бакей, змясціў на сваёй старонцы ў інстаграме. 

«Мая творчасць ніколі не была звязаная з палітыкай, я не пісаў палітычныя тэксты, нейкія палітычныя тэмы не ўздымаў, бо я лічу, што творчасць і музыка — гэта крыху іншае, яно павінна дапамагаць, ствараць нейкія пазітыўныя эмоцыі і пачуцці ў людзей, неяк матываваць. А палітыка — гэта нейкі бруд, які знаходзіцца недзе побач.

Але зараз з вамі размаўляе грамадзянін Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Бельмач. Я гэтаксама, як і вы, назіраю, чытаю навіны. Тое, што адбываецца, — гэта поўны жах, хаос. І, калі шчыра, па адчуваннях нейкае сярэднявечча, бо людзей могуць проста ўзяць на вуліцы і зацягнуць у бус, пагражаць, прычым нават не канкрэтным людзям, а ўсяму народу. І пагрозы гэтыя ідуць ад дзейнай улады. Гэта ўсё пужае і смяшыць адначасова, як людзі спрабуюць утрымацца на сваім наседжаным крэсле.

Я таксама гляджу гісторыі сваіх сяброў, таксама музыкантаў, і мне вельмі прыемна, што зараз усе актываваліся, усе хочуць праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю, выказацца. І гэта цудоўна, таму што калі, як не цяпер, нам аб’ядноўвацца і спрабаваць штосьці змяніць? Канечне, не факт, што нашы дзеянні прывядуць да нейкага станоўчага выніку, але калі не спрабаваць, тады нічога не адбудзецца. Я не заклікаю, але проста кажу вам, сваім равеснікам, хлопцам і дзяўчатам, якія маладзей за мяне: давайце ўсе разам зробім гэта і нарэшце, магчыма, штосьці зменім. Таму што быць зараз у баку і казаць, што мне гэта нецікава… Калі нецікавы лёс сваёй краіны, тады я, напэўна, нечага не разумею.

Адпраўным пунктам асабіста для мяне стала бяздзеянне ўладаў, калі з’явіўся каранавірус. Тады я адчуў поўную абыякавасць дзяржавы да свайго народа. Ніякіх мераў не было прынята, нейкае наплявальніцкае стаўленне, нейкія бязглуздыя выказванні. Гэта было абсурдна, і для мяне гэта стала адпраўным пунктам. І я разумею, што прыйшоў час нешта мяняць», — сказаў Бакей.

Рэперу 25 год. Адзін з найбольш вядомых яго трэкаў — «Я бунтар». Кліп, апублікаваны летась, сабраў на ютубе 430 000 праглядаў. 

Асцярожна, у кліпе ёсць нецэнзурная лексіка.

Раней да сваіх падпісантаў таксама звярнулася папулярная спявачка Лера Яскевіч. Яна заклікала галасаваць за перамены. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0