У пятніцу, 19 чэрвеня, у апошні дзень збору подпісаў, у многіх гарадах людзі сабраліся ў ланцугі пратэсту і салідарнасці. 

У некаторых гарадах супраць пратэстоўцаў быў адпраўлены АМАП.

Не стала выключэннем і Маладзечна. На відэа трапіў эпізод, як людзі вырываюць у супрацоўнікаў міліцыі затрыманага мірнага дэманстранта:

У нядзелю 21 чэрвеня прайшла інфармацыя, што як мінімум аднаго з удзельнікаў сутычкі ўжо затрымала міліцыя. 

«Справа заведзеная па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаны з ужываннем гвалту), — паведамляе тэлеграм-канал Нехта. — Пацярпелымі з'яўляюцца супрацоўнікі АМАП УУС Мінаблвыканкама Баранаў і Якавенка. Падазраваныя: Павел Пяскоў і іншыя нявызначаныя асобы».

«Наша Ніва» адшукала знаёмых Паўла Пяскова. Яны пацвердзілі: мужчына затрыманы. 

Павел штурхае амапаўца

Павел штурхае амапаўца

«Пасля гэтай сутычкі ён пайшоў у госці да знаёмых. Там заначаваў. У суботу вяртаўся дадому, але так і не дайшоў. Па дарозе яго затрымалі, — кажуць знаёмыя Пяскова. —

Пакуль лёс Пашы невядомы, мы не ведаем, ні дзе ён, ні што яму прад'яўляюць. Ён жыў у здымнай кватэры з дзяўчынай. Яна цяпер таксама не выходзіць на сувязь».

Пяскову 31 год. Ён меў мікрааўтобус, яго перыядычна наймалі вытворцы ПВХ вокнаў — Павел займаўся перавозкай і мантажом. «Звычайны нармальны мужык», — характарызуюць Пяскова знаёмыя. 

Павел Пяскоў.

Павел Пяскоў.

Дарэчы, гэта ўжо не першы раз, калі Павел выходзіць на вуліцы выказаць пазіцыю. У маі Пяскову прысудзілі 30 базавых велічынь штраф за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Прычынай стаў удзел Паўла ў сустрэчы з блогерам Ціханоўскім у красавіку і ўдзел у так званым «кармленні галубоў» 3 мая.

Але цяпер усё нашмат сур'ёзней. Калі Пяскова сапраўды прызнаюць вінаватым у гвалце ў дачыненні да міліцыянтаў, яму пагражае жорсткае пакаранне — да 5 гадоў пазбаўлення волі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0