Пра гэта заявіў міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік у праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1», піша Tut.by.

Паводле яго слоў, у Беларусі сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруса застаецца цалкам кантраляванай. «Мы бачым як зніжэнне па інфіцыраваных, так і зніжэнне па пацыентах, якія маюць ускладненні каранавіруснай інфекцыі ў выглядзе пнеўманіі», — сказаў Каранік.

Па стане на 21 чэрвеня ў Беларусі зарэгістравана 58,5 тысячы выпадкаў каранавіруса. Прырост за суткі — 569 выпадкаў. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі ў Беларусі памерлі 346 пацыентаў (плюс тры за апошнія суткі).

Аднак, на думку Караніка, ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруса беларусы рана расслабіліся. «Народ стаў менш надаваць увагі мерам бяспекі», — сказаў міністр.

Ён яшчэ раз нагадаў, што рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя па абароне асабліва ўразлівых груп насельніцтва (пажылых людзей, грамадзян з хранічнымі захворваннямі) застаюцца ў сіле. Гэта сацыяльнае дыстанцыяванне, нашэнне масак у месцах збору людзей, хатні рэжым для грамадзян з прыкметамі інфекцыйных захворванняў.

У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі не выключаюць магчымасць другой хвалі COVID-19. Але Каранік спадзяецца, што назапашаны вопыт пойдзе на карысць, таму сістэма аховы здароўя будзе да новай хвалі гатовая значна лепш, чым да першай. За гэты час беларускія медыкі выкарыстоўвалі ўсе магчымасці, каб узмацніць матэрыяльна-тэхнічную базу сістэмы аховы здароўя і павысіць яе стрэсаўстойлівасць.

А што тычыцца абмежавальных мер, то, па словах міністра, класічнага медыцынскага каранціну не было ў ніводнай краіне. «Абмежавальныя меры ў Беларусі былі дастаткова жорсткія, але яны былі кропкавыя. Гэта значыць, гэтыя кропкавыя меры ўздзеяння ў любым разе застаюцца. Мы абараняем найбольш неабароненыя слаі насельніцтва», — сказаў Каранік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0