Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра карціны Суціна і Шагала, якія былі далучаныя да рэзананснай «справы Белгазпрамбанка».

Нуль — столькі карцін знакамітых мастакоў родам з Беларусі вярнулі на радзіму за дзяржаўны кошт у апошнія 20 гадоў.

Дзяржаве было цікавей фінансаваць спартоўцаў-лузераў (я не прыгадаю ніводнай спартовай перамогі, супастаўнай з Нобелеўскай прэміяй па літаратуры, да якой беларускі бюджэт не меў дачынення) і марнаваць грошы з нашых падаткаў на ўтрыманне велізарнай арміі кантралёраў і праваахоўнікаў, у «фокус цікавасці» якіх траплялі тыя, хто марыў пра вяртанне гонару беларускай культуры.

Нуль — столькім геніям, што некалі з’ехалі з Беларусі і зрабіліся «французскімі» мастакамі, вярнулі «беларускасць» за дзяржаўны кошт. Дзяржава самааддана фінансавала курабесныя аграрныя святы, кшталту «Дажынак», будавала лядовыя палацы, непатрэбныя цяпер анікому — гэтаксама як непатрэбнай будзе і экспартаваная электрычнасць з яшчэ не запушчанай БелАЭС.

Сам выраз «мастакі Парыжскай школы родам з Беларусі» ў дачыненні да Суціна і Шагала ўзнік дзякуючы кнізе, фундаванай Белгазпрамбанкам. Так, у выпадку з Шагалам у Віцебску дзейнічала група інтэлектуалаў, якая ладзіла пленэры, Шагалаўскія дні, і я не магу тут не згадаць імёны Давіда Сімановіча, Людмілы Хмяльніцкай і іншых. Але тое было лакальнай ініцыятывай, чытачы форумаў на «Тут.баі» працягвалі напоўніцу кпіць з Шагала і ягонай «беларускасці».

Пералом на рэспубліканскім узроўні адбыўся пасля першай выставы алейных карцін на радзіме, якую зладзіў менавіта Белгазпрамбанк. З тае пары сумнявацца ў тым, ці мастак Шагал і ці ён беларускі мастак, зрабілася непрыстойным.

І тады падавалася: змрочныя дзевяностыя, калі калекцыянеры ў смарагдавых пінжаках ад П’ера Кардэна дэманстравалі свае хатнія калекцыі беларускіх мастакоў, тройчы папрасіўшы нікому не распавядаць пра тое, што ў іх тыя калекцыі ёсць, бо беларускае мастацтва скупаць было няможна, бо ты адразу ж рабіўся для кантралёраў чалавекам, якому «няма на што скідаць грошы». І наступным разам да цябе першага сунуліся, каб ты прафінансаваў нейкую дзяржаўную забаўку, а калі ты адмаўляўся — трапляў пад праверкі.

Белгазпрамбанк на чале з Бабарыкам усе гэтыя гады старанна рабіў тое, што адмаўлялася рабіць дзяржава. Ён ладзіў тэатральныя фэсты, ён вяртаў імёны, ён вымушаў назву нашай краіны гучаць у тых замежных музеях, якія да гэтага пазначалі Шагала рускім мастаком.

І як жа дзіўна мне было ўвесь мінулы тыдзень чытаць допісы беларускамоўных фрэндаў, якія ўпікалі Бабарыку ў тым, што ён:

а) выкарыстаў Суціна і Шагала, каб скалаціць сабе палітычны капітал;

б) насамрэч не вярнуў Шагала народу, а набыў у карпаратыўную калекцыю, якую можна было «ва ўмовах адсутнасці мяжы» вольна вывезці ў Маскву.

Я не ведаю, ці самастойна гэтая геніяльная думка прыйшла ў калектыўную беларускую галаву. Ці, можа, яе, гэтую думку, туды старанна ўклалі, бо гэтае меркаванне пайшло гуляць па сеціве акурат напярэдадні арышту, быццам рыхтуючы грамаду да «справядлівасці» змяшчэння пад варту. Я нават не буду засяроджвацца на штучнасці гэтых падазрэнняў: любы спецыяліст ведае, што творы былі ўнесеныя ў спіс нацыянальных каштоўнасцяў, а таму любы іх вываз за мяжу — у тым ліку ў Маскву — ануляваў бы іх аўкцыённы кошт, зрабіў бы іх скрадзенымі, а таму непрадавальнымі.

Я назіраў, як тое, што прынята называць «грамадскім меркаваннем», чарговы раз зрабіла цікавы кульбіт, як і ў выпадку з «палякам-Каліноўскім», абвінаваціўшы ў абы-чым таго, каго трэба было б падтрымліваць.

І вось што мы маем цяпер.

а) Карціны, якія некалі былі народным здабыткам, якія кожны мог свабодна паглядзець у музеі, у музеі адсутнічаюць. Прычым я кажу не толькі пра Суціна і Шагала. Калі вы раптам вырашыце паехаць у Смілавічы, каб паназіраць за таямнічым ззяннем арнаментальнага лесу ў Царфіна, вы пабачыце, што забраны нават Царфін і нават са Смілавіч.

б) Любы патэнцыйны мецэнат, які захоча вярнуць нацыі яе непажаданых сыноў, будзе памятаць пра «Еву», якая, замест таго, каб зрабіцца сімвалам феміннасці і вернутых каштоўнасцяў, зрабілася лагатыпам кампаніі салідарнасці з затрыманым бедаком. Які некалі вырашыў, што трэба засяродзіцца на беларускасці. Бедаком, якога тая Беларусь, яе самыя свядомыя сыны і дачкі, пачалі падазраваць у здрадзе і злачынствах.

Тое, што адбываецца гэтым летам, ужо зрабілася найбольш драматычнай старонкай у гісторыі незалежнай Беларусі.

Сачыце за тым, каб за вашы словы, дзеянні і допісы потым не было сорамна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?