Позна ўвечары 19 чэрвеня Віктар Хвашчэўскі вяртаўся з працы дадому. На праспекце Дзяржынскага, дзе ў гэты вечар выстраілася чарга салідарнасці, ён заўважыў знаёмую, якую не бачыў 20 гадоў. Выйшаў з машыны, разгаварыліся, неўзабаве на тратуар выбег АМАП: сяброўку адштурхнулі, доктара схапілі і кінулі ў аўтазак. Туды ж праз імгненне адправілі дзяўчыну, якая стаяла побач і спрабавала зняць на мабільны затрыманне. Родныя трое сутак спрабавалі высветліць, дзе Віктар. Сёння яго павінны судзіць, але, дзе менавіта, ніхто так і не можа сказаць, піша Tut.by.

Викто Хващевский. Фото: Два доктора

Віктар Хвашчэўскі. Фота: doktora.by

Віктар Хвашчэўскі — хірург-анколаг вышэйшай катэгорыі, стаж працы — 21 год. Апошнім часам працаваў у прыватным медцэнтры «Сёмае неба», да гэтага — у 10-й лякарні, раней — загадчык аддзялення ў турэмным шпіталі на Кальварыйскай у Мінску. У пятніцу, 19 чэрвеня, ён, як звычайна, адпрацаваў сваю 12-гадзінную змену і вяртаўся дадому.

— На праспекце Дзяржынскага ён убачыў старую знаёмую, якую даўно не бачыў, — кажа сяброўка мужчыны Алёна. — Выйшаў, каб павітацца, пагаварыць. Яны стаялі на тратуары, разглядалі фатаграфіі. Нечакана яго схапілі, пацягнулі ў аўтазак, знаёмую адштурхнулі, у яе сінякі засталіся. Побач стаяла дзяўчына, якая спрабавала зняць затрыманне на мабільны тэлефон, яе таксама затрымалі.

Віктар паспеў паведаміць, што яго вязуць ў Фрунзенскае РУУС, хоць затрыманне праходзіла на тэрыторыі Маскоўскага раёна, у раёне 22 гадзіны.

— Усю ноч мы абзвоньвалі РУУС, ізалятар часовага ўтрымання і цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, але ўсюды казалі, што Хвашчэўскага ў іх няма, — тлумачыць Алёна. — У абед наступнага дня, калі я прыехала на Акрэсціна, мне ўсё-такі пацвердзілі, што ён у іх. Перадачу прыняць адмовіліся. Сёння ў Фрунзенскім РУУС усё ж такі прызналі, што пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на яго складалі там. Але, дзе яго будуць судзіць, мы не ведаем — у судзе Маскоўскага раёна, Фрунзенскага ці іншага, нам ніхто нічога не кажа, дзяжурны ў Фрунзенскім РУУС сказаў, што гэта будзе закрыты суд.

Сёння ў судах дзяжураць сябры і родныя Віктара. У літаральным сэнсе не адыходзяць ад інфармацыйных стэндаў, каб не прапусціць у раскладзе яго справу.

— Ніколі ў жыцці яго не затрымлівалі, — кажа Алёна. — Вядома, калегі і сябры абураныя, многія пішуць словы падтрымкі. Віктар не толькі выдатны доктар, ён актыўны чалавек — займаўся альпінізмам, яхтынгам, таму яго цяпер падтрымліваюць і сябры па спорце.

Па пытанні затрымання Віктара Хвашчэўскага TUT.BY звяртаўся ў мінскую міліцыю, МУС, ва ўсе раённыя суды і Мінскі гарадскі суд. Згодна з інфармацыяй на 12.00, журналістам таксама не паведамляюць, дзе будуць разглядаць справу супраць доктара. Але суд павінен адбыцца сёння, паколькі мінае 72 гадзіны з моманту затрымання, пасля чаго суд павінен прыняць рашэнне — адпусціць на свабоду альбо прызначыць адміністрацыйны арышт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?