Бабруйчанін Мікалай К. — чалавек са складаным здароўем: множныя інсульты, замененыя сардэчныя клапаны, інваліднасць другой групы, дабраякасныя пухліны мозгу, гідрацэфалія. Апошнія гады, можна сказаць, ён жыў у бальніцах. 

Але напачатку чэрвеня дадалася нейкая новая хвароба, якая праяўлялася дыхавіцай і хрыпамі.

6 чэрвеня Мікалая шпіталізавалі ў каранцінную зону Бабруйскага анкалагічнага дыспансера і пачалі лячыць лёгкія.

За час знаходжання ў бальніцы ён двойчы быў у рэанімацыі, на КТ праявілася «матавае шкло» у лёгкіх і «двухбаковая вірусная пнеўманія».

Але гісторыя не пра чарговага хворага на каранавірус. Дачка Мікалая, Марына Бланке, звярнулася ў «Нашу Ніву» з наступным — па яе словах, бацьку выкінулі з бальніцы ўсяго пабітага, а на іх пытанні ў адміністрацыі няма адказаў. 

Так Мікалай выглядаў пасля выпіскі з бальніцы, фота прадаставіла сям'я. 

Так Мікалай выглядаў пасля выпіскі з бальніцы, фота прадаставіла сям'я. 

«Калі бацьку шпіталізавалі ў анкалагічны дыспансер з лёгкімі, мы да яго не ездзілі, бо нельга — там карацін, ляжаць людзі з каранавірусам. У выніку тэст у бацькі быў нібыта адмоўны, патрохі яго выхадзілі. А 18 чэрвеня пазванілі і сказалі, што яго пераводзяць у сельскую ўчастковую бальніцу ў Глушы: «Для рэабілітацыі». Маўляў, ехаць па яго не трэба, яны самі перавязуць. — расказвае дачка Марына Бланке. — Мы збіраліся ехаць да яго ўжо ў Глушу, як літаральна на наступны дзень адтуль званок — «Забірайце яго».

Прыехала мая сястра і жахнулася: увесь пабіты, вялізная гематома на галаве, пад адзеннем (яго, відаць, нават не распраналі) катэтар. На ўсе пытанні да медыкаў адказ: «Яго такім прывезлі, мы нічога не ведаем». 

Па словах Марыны, яна адразу ж пачала званіць у анкалагічны дыспансер, але не атрымала адказаў. Галоўны доктар сам пазваніў ёй толькі пасля таго, як яна прыгразіла пададзенай у міліцыю заявай.

«Тады галоўны доктар дыспансера Ігар Шарф сказаў мне нешта ў духу, што бацька быў буйны, атрымаў траўмы сам, маўляў, можна дамовіцца. Але ў мяне адразу пытанні: калі сам, то чаму нам не паведамілі ў той жа дзень? А што буйны… мне неяк не верыцца, бо ён у бальніцах праводзіць шмат часу, такога заўважана не было за ім. Ён цяжка хворы, слабы і ўвогуле ледзь ходзіць. Я зрабіла выснову, што нешта ўтойваецца. Бо нават ніякіх дакументаў аб выпісцы нам не далі, сказалі што іх згубілі, а яго проста выкінулі — як гэта?», — дадае Марына. 

«Калі бацька яшчэ ляжаў з лёгкімі, я званіла цікавіцца яго станам. Ні разу не было нават намёку на тое, што ў яго нейкія траўмы, толькі інфармавалі аб стане па пнеўманіі. Разумееце, у чым пытанне: бацька ж з амнэзіяй, не можа ўспомніць што еў раніцай, таму гісторыя ў тумане. Вядома, іначай бы мы з яго ўжо ўсё выцягнулі: як і што», — кажа яе сястра, Алена К.

Сам Мікалай амаль не гаворыць і не расказвае, што адбылося, адзінае слова адносна сітуацыі: «Падштурхнулі».

Пакінуты катэтар жа прыйдзецца даставаць хірургічна. Заяву ў міліцыю сям'я сапраўды падала, каб разабрацца ў гісторыі.

Што кажуць у бальніцы? Мы дазваніліся Ігару Шарфу, але ён настойліва не хоча паведамляць дэталі па тэлефоне.

«Тое, што вам расказваюць, не ўсё праўда, дакладней — мала што праўда. Людзі звярнуліся ў органы, будзе разбор, пачакайце яго вынікаў. Я ўсё, што хацеў сказаць, сказаў дачцэ. Яна мне сказала, што атрымала адказы на ўсе пытанні, што яна вам кажа — гэта яе асабістае меркаванне? Яго ніхто не біў, ідзе разбор», — сказаў Шарф. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?