У абласным цэнтры міліцыянерам патэлефанаваў 73-гадовы пенсіянер, які паведаміў, што дзверы яго хаты ўзламаныя, а ўнутры пакінуты беспарадак. На месцы здарэння высветлілася, што злодзеі вынеслі залатыя і срэбраныя ювелірныя вырабы, медалі, паляўнічую стрэльбу з патронамі, спіртное і прадукты харчавання. Агульную шкоду гаспадар ацаніў у 5000 рублёў, паведамляе «Звязда».

Неўзабаве аператыўнікі крымінальнага вышуку выйшлі на 35-гадовага жыхара Навагрудка, які апынуўся праездам у абласным цэнтры. Мужчына накіроўваўся з Жабінкі, дзе пахаваў сваяка, дадому. У Брэсце ён вырашыў на некалькі дзён застацца ў кватэры бацькі, дзе ў наступным зладзіў зацяжное застолле.

У стане алкагольнага ап’янення мужчына прыйшоў да дома пацярпелага нібыта пагаварыць пра грашовыя абавязкі яго дачкі. Гаспадар з жонкай у гэты час знаходзіліся на лецішчы. Не застаўшы іх на месцы, падазраваны ўзламаў дзверы і вынес маёмасць. У выніку атрымалася яго затрымаць на шляху да аўтавакзала. Частку выкрадзенага жыхар Гродзеншчыны збіраўся забраць з сабой, астатняе пакінуў у кватэры бацькі.

Дзеянням падазраванага следчыя далі прававую ацэнку і завялі крымінальныя справы за крадзеж і крадзеж агнястрэльнай зброі. Цяпер ён правяраецца на дачыненне да здзяйснення іншых злачынстваў. Раней фігурант неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за маёмасныя злачынствы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0