Прэтэндэнт у прэзідэнты Віктар Бабарыка, рыхтуючыся да магчымага затрымання, пакінуў некалькі відэазваротаў. Першы з іх быў апублікаваны 19 чэрвеня. У ім палітык прапанаваў правесці рэферэндум і вярнуцца да Канстытуцыі-1994.

Віктар Бабарыка, фота Надзеі Бужан

Віктар Бабарыка, фота Надзеі Бужан

«Я прапаную правесці агульнарэспубліканскі рэферэндум па змене Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. І паспрабаваць яе вярнуць, узяўшы за ўзор Канстытуцыю 1994 года, дзе ўжо было прадугледжана і абмежаванне прэзідэнцкіх тэрмінаў, і падзел цяперашніх нашых трох галін улады», — сказаў Бабарыка.

Віктар Бабарыка ініцыюе правядзенне агульнанацыянальнага рэферэндуму па змене Канстытуцыі

Праз некалькі дзён быў апублікаваны відэазварот Максіма Знака, які адказвае ў штабе Бабарыкі за юрыдычны бок. Ён кандыдат юрыдычных навук, узначальвае сваю кампанію «Юрзнак».

Максім Знак адказаў на пытанне наконт беларускай мовы. Бо калі вяртацца да Канстытуцыі-1994, то ў Беларусі мусіць быць адзіная дзяржаўная мова — беларуская.

Максім Знак

Максім Знак

«Сапраўды, пытанне для нас важнае, таму што, як вы памятаеце па беларускай і рускай [мовах] асобнае пытанне выносілася. І ў першапачатковай рэдакцыі Канстытуцыі 1994 года фармулёўка была: дзяржаўнай мовай з'яўляецца беларуская мова, рускай мове забяспечваецца права свабоднага выкарыстання на ўсёй тэрыторыі, ва ўсіх арганізацыях. Я мяркую, што нават з такой фармуліроўкай у нас не зменіцца нічога з пункту гледжання практычнага, асабліва з улікам рэгулявання ў іншым заканадаўстве. Але калі на сходах ініцыятыятыўнай групы высветліцца, што гэтае пытанне надзвычай важнае і, па меркаванні членаў ініцыятыўнай групы, трэба абавязкова захоўваць статус і беларускай, і рускай як дзяржаўных моваў, тады можна ўскладняць пытанні і, напрыклад, вяртацца да Канстытуцыі 1994 года, але з выкладаннем аднаго з артыкулаў у асаблівай рэдакцыі…»

Іншымі словамі, Знак апісаў два варыянты.

1. Беларуская мова — адзіная дзяржаўная, але «з практычнага пункту гледжання нічога не змяняецца», і ўсе арганізацыі могуць і надалей выкарыстоўваць рускую мову.

2. Альбо прымаць Канстытуцыю-1994 з пацверджаннем, што руская мова — другая дзяржаўная.

Абедзве гэтыя ідэі выклікалі рэзкую нязгоду лідара КХП-БНФ Зянона Пазняка.

фота belsat.eu

На думку Пазняка, калі Лукашэнка сыдзе, рашэнні рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў аўтаматычна будуць адкінутыя. Значыцца, Канстытуцыя-1994 з адзінай дзяржаўнай беларускай мовай вернецца сама па сабе. Ён перакананы, што ідэя з рэферэндумам Бабарыкі прыйшла з Масквы і патрэбная для таго, каб канчаткова знішчыць беларускую нацыю

«Наша Ніва» папрасіла штаб Віктара Бабарыкі больш дакладна патлумачыць пазіцыю наконт беларускай мовы. Упаўнаважаная асоба, якая дала адказ, папрасіла не ўказваць сваё імя і апублікаваць гэтыя словы як меркаванне штаба:

«Ёсць меркаванне некаторых навукоўцаў, што тыя пытанні, якія ўжо выносіліся на рэферэндум, нельга каб губляліся ў тэксце Канстытуцыі. То-бок калі былі асобныя рэферэндумы наконт мовы, смяротнага пакарання, дзяржаўных сімвалаў, то нельга проста дадаць гэта ў Канстытуцыю. Гэта можа быць рызыка з юрыдычнага пункту гледжання.

Пазіцыя Віктара Бабарыкі як ініцыятара рэферэндуму наступная. Ён казаў, што хацеў бы, каб афіцыйнымі мовамі ў Беларусі былі тры мовы: руская, беларуская і англійская. Ёсць магчымасць зрабіць, каб дзяржаўнай мовай была беларуская, а афіцыйнымі — яшчэ некалькі. 

Дзяржаўная мова і афіцыйная — гэта не адно і тое ж, адрозненне можна прадугледзець у адпаведным заканадаўстве. 

Наконт канкрэтнага пытання, якое будзе выносіцца на рэферэндум, адказаць цяжка, бо ў нас запланавыя сустрэчы ў тым ліку з сябрамі камісіі, якая рыхтавала першую рэдакцыю Канстытуцыі, з навукоўцамі, якія працуюць у галіне канстытуцыйнага права. І пасля гэтых усіх кансультацый мы зробім праекты, якія будуць публічна абмяркоўвацца, у тым ліку і на сходзе ініцыятыўнай групы.

Дакладную фармулёўку пытання пра дзяржаўную мову мы сказаць пакуль не можам, гэта распрацоўваецца. Сам пасыл — трэба вярнуцца да прынцыпаў Канстытуцыі 1994 года. Гэта можа быць так, напрыклад, першае пытанне: «Ці хочаце вы прыняць Канстытуцыю ў першапачатковай рэдакцыі 15 сакавіка 1994 года».

А наступнае пытанне, напрыклад: «Ці жадаеце вы, у выпадку прыняцця Канстытуцыі 1994 года ў першай рэдакцыі, выкласці адпаведны артыкул у адпаведнай рэдакцыі». І там ужо будзе наконт таго, што дзяржаўнай мовай з’яўляюцца дзве мовы або што дзяржаўнай з’яўляецца беларуская, а тры мовы маюць статус афіцыйных».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?