Фота абласной міліцыі

Фота абласной міліцыі

Пра смешны выпадак піша гомельская міліцыя.

25 чэрвеня ў аператыўна-дзяжурную службу Савецкага РАУС звярнулася 35-гадовая жанчына, што жыве ў прыватным сектары на вуліцы Мікалая Астроўскага. Познім вечарам у нядзелю размаўляла з сяброўкай па тэлефоне, а на наступную раніцу смартфон знік.

Жанчына расказала, што тэрыторыя дома агароджаная прыстойным плотам, брамка зачыняецца, а ў двары здаравенная нямецкая аўчарка. Малаверагодна, каб хтосьці мог прабрацца ў двор незаўважаным.

Разам з мужам яны некалькі дзён шукалі прапажу. Агледзелі ўсё на вуліцы, перавярнулі рэчы ў доме. Жанчына не памятала, ці то пакінула тэлефон на лаўцы ў двары, ці забрала з сабой у дом. У мэтах бяспекі прадбачліва заблакавалі сім-карту. Калі надзея знайсці прапажу канчаткова вычарпалася, вырашылі звярнуцца ў міліцыю.

Першы намеснік начальніка Савецкага РАУС Павел Шведаў выслухаў аповед жанчыны і пацікавіўся, а на каго ўсё ж такі яны самі думаюць? Хто мог незаўважаным пабыць у двары і скрасці смартфон? Гамяльчанка шчыра прызналася, што няма такіх людзей. Хоць ты на варон думай…

Падпалкоўнік зацікавіўся: а што, у двары сапраўды ёсць вароны? І атрымаў сцвярджальны адказ. Праўда не зусім у іх у двары. Гняздо на яблыні на суседскім участку. Ужо было такое, што вароны са двара пацягнулі літровы металічны кубак, палівачку перакінулі праз плот і па ўчастку цягалі…

Падпалкоўнік параіў гняздо, на ўсялякі выпадак, таксама праверыць. Але аддаў распараджэнне на выезд следча-аператыўнай групы. 

Група ўжо выехала, калі патэлефанавала абрадаваная жанчына. Знайшоўся тэлефон! Муж узяў лесвіцу і вырашыў зазірнуць у гняздо. І што вы думаеце, яе бірузовы смартфон з дыяганаллю экрана больш за 6 цаляў быў менавіта там.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0