Па інтэрнэце шырыцца паведамленне, якое 24 чэрвеня з'явілася на старонцы «Адміністрацыя Кастрычніцкага раёна г. Мінска» ад імя кіраўніка адміністрацыі Генадзя Любатынскага.
«Надыходзіць час перамен. Надыходзіць час Беларусі Будучыні. Мы ўсе адчуваем гэта проста ў паветры», — напісана там.
Многія інтэрнаўты ўспрынялі гэта як публічны адыход ад лініі партыі. Але, выглядае, што гэта ўсё ж фэйк.
Перадусім пра гэта кажа папулярнасць старонкі — там усяго 6 упадабанняў, хаця існуе яна з год. На афіцыйным сайце адміністрацыі ў раздзеле прадстаўніцтва ў сацсетках «Фэйсбука» няма, а ў «Інстаграме», «Твітары» і Аднакласніках такога допісу не маецца.
Мы пакуль не звязаліся персанальна з Генадзем Любатынскім, але аддзел ідэалогіі адмаўляе сапраўднасць публікацыі.
«Гэта не мы вядзем гэты акаўнт. Хто — разбіраемся», — адказалі «Нашай Ніве» там.