У распараджэнні «Нашай Нівы» аказаўся ліст генеральнага пракурора Аляксандра Канюка на імя кіраўніка МУС Юрыя Караева. 

Канюк просіць арганізаваць праверку Валерыя Цапкалы на магчымую датычнасць да супрацьпраўнай дзейнасці, фота дакумента апублікавана ў тэлеграм-канале HARBACEVIČ.

У якасці падставы да ліста прымацавана заява турка Ігдзеджы Седата, які просіць прыцягнуць Цапкалу да крымінальнай адказнасці.

Седат — гэта колішні забудоўшчык ПВТ, чыя кампанія раней сапраўды фігуравала ў сумнеўных сюжэтах побач з прозвішчам Цапкалы. 

На пачатку ліста, адразу пасля установачных звестак, ідзе рэверанс у бок Лукашэнкі. 

Сэнс прэтэнзій турка ў тым, што, нібыта, калі Цапкала быў кіраўніком ПВТ, то, карыстаючыся сваёй уплывовасцю, абяцаў яму выгадныя дзялянкі для далейшай забудовы.

За што, сцвярджае Седат, яму даводзілася ў розных формах рабіць прыемнае Цапкалу: ад аплаты адпачынкаў да будаўніцтва дома і прамых перадач грошай. 

Названым падзеям, якія нібыта мелі месца, ужо 7 год. 

Рэдакцыя не прыводзіць цалкам ліст Седата, бо ён утрымлівае інфармацыю, якую немагчыма пацвердзіць, а таксама інтымныя дэталі жыцця Цапкалы, якія могуць быць выдуманы. 

Варта адзначыць, што Цапкалу ўжо задавалі пытанні пра «кампрамат» на яго, пра які казаў Лукашэнка, але Цапкала тады проста адмахнуўся. 

Дакумент паступіў у МУС 24 чэрвеня.

«Для правядзення даследчай праверкі ў Міністэрства ўнутраных спраў з Генеральнай пракуратуры паступілі матэрыялы па заяве грамадзяніна Турцыі аб фактах супрацьпраўнай дзейнасці В. У. Цапкалы, праводзіцца праверка, — распавяла TUT.BY прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0